Гарадзенскія школьнікі будуць заказваць ежу праз інтэрнэт
У Гародні ў некалькіх школах пройдзе ў гэтым навучальным годзе эксперымент. Школьнікі і іх бацькі цяпер могуць выбіраць ежу ў школьнай сталовай і аплачваць яе праз інтэрнэт.
– Вучань ці бацькі заказваюць стравы з меню школьнай сталовай пры дапамозе мабільнай прылады. Аплата таксама ажыццяўляецца ў рэжыме онлайн. Гэта дазволіць бацькам кантраляваць працэс харчавання, выключыць плату за абеды наяўнымі, – паведамілі ў Гарадзенскім гарвыканкаме.
Калі эксперымент удасца, то ўсе школы горада яго пяроймуць.
У 2016 годзе ў школах абласнога цэнтра вучні ўдзельнічалі ў стварэнні меню для школьных сталовых.
Фота БелТА
