Гарадзенскія сябры ТБМ павіншуюць беларускамоўных дзетак
У Гародні сябры абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы рыхтуюцца да віншавання з Калядамі і Новым годам беларускіх паводле навучання дзетак з садкоў і школ абласнога цэнтра. Цяпер у Гародні функцыянуюць тры беларускія групы ў дзіцячых садках нумар 45 і 65, а таксама па адным першым класе ў сярэдніх школах 32 і 34. Гэта традыцыйная справа для моўнай арганізацыі, але колькасць дзяцей вырасла. Таму дапамогу ў зборы сродкаў аказала грамадства. Кажа Іван Буднік – сябра абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны:
– Абласная арганізацыя ТБМ арганізавала збор сродкаў для віншавання дзяцей у дзіцячых садках і школах, якія навучаюцца на беларускай мове, у звязку з Калядамі і Новым годам. Трэба сказаць, што гарадзенцы вельмі душэўна, старанна, зычліва аднесліся да гэтай ініцыятывы. Унеслі свае магчымыя сродкі індывідуальныя прадпрымальнікі, бізнесмены, якія падтрымліваюць таварыства, таму ўсім ім вялікая ўдзячнасць.
На абласной радзе таксама быў заснаваны з сяброў арганізацыі гістарычны клуб, які будзе насіць імя ксяндза Адама Станкевіча. Ягоная дзейнасць будзе адпавядаць статутным задачам Таварыства беларускай мовы. Ужо існуе два асяродкі ў вобласці сярод сяброў арганізацыі, якія будуць удзельнічаць у працы клуба.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня