Гарадзенскія таксісты заключылі перамір’е
Фірмы-перавозчыкі дамовіліся ўсталяваць па горадзе адзіны тарыф.
Каля чатырох гадзін працягвалася ў сераду сустрэча кіраўнікоў гарадзенскіх фірмаў таксі, дыспетчараў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Дырэктары кампаній-перавозчыкаў сабраліся, каб ліквідаваць канфлікт паміж таксістамі розных фірмаў. Нагадаем, мінулай ноччу на вуліцы Гаспадарчай пратэставалі некалькі дзясяткаў кіроўцаў. Таксісты адмаўляюцца працаваць па нізкіх тарыфах і заклікаюць буйнога перавозчыка падняць кошт. Кіроўцам нявыгадна працаваць на таксі: выдаткі на падаткі, страхоўкі, абслугоўванне аўтамабіляў дазваляе зарабляць усяго 1,5-2 мільёны ў месяц – за гэтыя грошы людзі не згодныя змену праводзіць за рулём.
На сустрэчы сабралася больш за дзесяць чалавек. Пасля доўгіх перамоў бакі дамовіліся зраўнаяць тарыфы і зрабіць іх даражэйшымі. Пасадка ў аўтамабіль будзе каштаваць 20 тысяч рублёў, а за кожны наступны кіламетр пасажыр заплаціць па 7 тысяч рублёў. Пакуль перамір’е заключана на тыдзень. Калі за гэты час канкурыруючыя бакі парушаць дамоўленасць, кожная фірма-перавозчык мае права паступаць з тарыфамі так, як лічыць патрэбным.
Дырэктары, дыспетчары і прадстаўнікі фірмаў дамовіліся, што з гэтага часу яны нясуць адказнасць за дзеянні сваіх таксістаў і заклікаюць іх не канфліктаваць з таксістамі іншых фірмаў. Вадзіцеляў заклікаюць не адказваць на правакацыі «чорнасцяжнікаў». Менавіта нелегальных перавозчыкаў лічаць ініцыятарамі забастовак і канфліктаў.
– Нам трэба спыніць вайну ў горадзе, – заключылі дырэктары фірмаў.
Памятка пасажырам. Як адрозніць легальнага перавозчыка ад «чорнасцяжніка»:
1. Таксі трэба выклікаць праз тэлефон, а не на тратуары або стаянцы.
2. На аўтамабілі павінны быць жоўтыя палосы.
3. У салоне кожны таксіст абавязаны мець лічыльнік. Многія аўтамабілі ўжо абсталяваныя платнымі тэрміналамі.
4. У канцы паездкі спытайце вадзіцеля чэк аб аплаце.
Фота ctv.by