Гарадзенскія ўлады абяцаюць ільготныя кватэры ў Альшанцы
Гарадзенскія ўлады паабяцалі, што ўсе сем’і, для якіх пабудавана жытло ў мікрараёне Альшанка, атрымаюць кватэры па ільготных коштах. У гэтую катэгорыю ўваходзяць як шматдзетныя сем’і, так і тыя, хто больш дзесяці гадоў пражыў у інтэрнатах ці вымушаны быў здымаць кватэру. Намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Дзяшко на сустрэчы з забудоўшчыкамі гарантаваў, што пытанне будзе вырашана на працягу двух бліжэйшых тыдняў.
“Паверым тады, калі на руках будуць ключы,” – кажуць людзі.
– Дзе мы? Мы – нідзе! Мы ў паветры “боўтаемся”. Пісалі заявы на гэтыя дамы. Нам тады ў выканкаме сказалі, што мы праходзім. Фінансаванне спыняецца, фірма дабудоўвае дамы за свае грошы.
– Паводле закону, мы маем права на гэтыя дамы. Мы ўжо 10 гадоў чакаем. Тым больш дзяржава абяцала, што мы атрымаем жытло. Мы ільготная катэгорыя грамадзян і маем права на гэтыя дамы.
– Спачатку – жнівень, пасля – лістапад, пасля – 31 снежня. І надалей нічога няма.
Сітуацыя з увядзеннем у эксплуатацыю жытла для ільготных катэгорый грамадзян у мікрараёне Альшанка абвастрылася напрыканцы студзеня бягучага года. Амаль тысяча людзей мелі намер праводзіць стыхійныя пратэсты ў выпадку канчатковай адмовы ў магчымасці атрымання жытла.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня