Гарадзенскія валанцёры працягваюць дапамагаць медыкам
Штодня, апрача выходных, гарадзенскія валанцёры збіраюцца ў малым швейным цэху, што ў Пышках, каб зрабіць сваю колькасць сродкаў абароны ад віруса COVID-19, якія ідуць для медычнага персаналу Гарадзеншчыны.
Забіраюць установы ўсё, што зробяць валанцёры. Таму і зацікаўленасць для валанцёраў, якія носяць назву ініцыятывы: „Гродна/Валанцеры covid19”, застаецца на працягу месяцаў і не знікае. Кажуць удзельнікі ініцыятывы, якія шыюць камбінезоны, бахілы, чапцы:
– Я прыходжу, мне даюць заданне. Я апрацоўваю капюшоны. Мяне прывозіць мама. Прыходзіць і мая знаёмая. Яна калясачніца. Яе прывозіць таксі. Яна таксама апрацоўвае капюшоны. Кампанія тут вельмі добрая. У гэтай працы важная такая кампанія.
– Убачыў у інтэрнэце. Я пакуль не працую, таму часу досыць. Шыю, як і ўсе. Звычайная праца. Шыю камбінезоны. Усё, акрамя маланкі. Маланку ўшываць усё ніяк не збяруся навучыцца.
– Я вучуся ў 10 класе. Працую тут усяго некалькі тыдняў. Але мне тут вельмі падабаецца. Тут вельмі душэўны калектыў. Праца лёгкая, але вельмі важная.
Валанцёры будуць радыя ўсім, хто да іх далучыцца, каб шыць ахоўныя сродкі для медперсаналу. Усе, хто мае інтарэс і ўменні – запрашаюцца з 14-00 да 18-30 у швейны цэх па адрасе: Пышкі, дом 5.
Штотыдня валанцёры Гародні вырабляюць каля сотні камбінезонаў, сотні пар бахілаў і двух сотняў чапцоў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня