Гарадзенскія журналісты пасадзілі дрэвы ў парку Жылібера



Незалежныя журналісты з выдання Hrodna.life далучыліся да пасадкі дрэваў у парку Жылібера, на тэрыторыі былога батанічнага саду.

Пра акцыю распавядае рэдактар выдання Аляксей Шота:

– У працяг справы Наталлі Канюк, якая вельмі шмат пры жыцці зрабіла для адраджэння батанічнага сада Жылібера, зараз гарадзенскія СМІ – і дзяржаўныя, і недзяржаўныя – вырашылі пасадзіць алею медыяў. Гэта была ініцыятыва, наколькі я ведаю, Сяргея Мазаева з тэлебачання “Гродна+”. Кожны меў высадзіць адно дрэва, мы камандай высадзілі хіба пяць нават.

Аляксей Шота кажа, што журналісты выдання таксама дапамаглі і галоўнаму архітэктару горада:

– Вось цяпер, атрымліваецца, ёсць дрэва ў кожнага медыя. У нас, нават, некалькі ў парку. Можна паказваць дзецям, што гэта вось Hrodna.life калісьці садзіў. Мы садзілі і вы, таксама дапамагалі галоўнай архітэктарцы горада Вользе Барэйцы пасадзіць яблыню.

У акцыі прынялі ўдзел таксама журналісты гарадскіх дзяржаўных медыяў, студэнты і выкладчыкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: hrodna.life