Гарадзенскія журналісты выйгралі суд



Спыніць адміністрацыйную справу па недаказанасці пастанавіў Ленінскі раённы суд Гародні ў дачыненні да трох журналістаў-фрылансераў: Аляксея Кайрыса, Алеся Дзянісава і Касі Ляўдацкай.

Суддзя Дзмітрый Бубенчык разгледзеў адміністрацыйную справу паводле артыкула 22.9 частка 2. Але для абвяшчэння прысуду спатрэбілася рабіць перапынак на два дні. Доказаў датычнасці журналістаў да відэаматэрыялаў, паказаных на тэлевізійным канале „Белсат”, які ў Беларусі не акрэдытоўваюць улады, суд не знайшоў. Кажа Аляксей Кайрыс:

– Абсурднасць гэтага працэсу палягае на тым, што ў  матэрыяле напрыканцы ёсць цітры. І там указаныя аўтары. Нас сярод аўтараў няма. Міліцыянт сцвярджае, што доказ таго, што мы рабілі матэрыял,  – гэта наша прысутнасць 16 лютага ў вёсцы Вялікія Васілішкі, і ў тым, што мы проста размаўлялі з мясцовымі людзьмі.

Пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння складалі міліцыянты Шчучынскага раённага ўпраўлення ўнутраных справаў. На судзе прысутнічаў прадстаўнік упраўлення маёр Сяргей Матукевіч, які, як высветлілася, не змог перакласці цітры і заўважыць, што там напісаныя імёны зусім іншых журналістаў. Выявілася, што міліцыянт Матукевіч польскай мовы не ведае.

Але перамога праўды для журналістаў можа азмрочыцца ў кожную хвіліну, мяркуе праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:

– З гледзішча праўнага, справа была настолькі абсурдная, што нават суд Ленінскага раёна спыніў вытворчасць па гэтай справе. Лічу гэта абсалютна законным. Але гэта не азначае змену тэндэнцый. На маю думку, пераслед фрылансераў усё роўна працягнецца. Проста ў гэтай адміністрацыйнай справе занадта шмат памылак пры афармленні і пратаколаў, і іншых дакументаў было дапушчана.

Падтрымаць журналістаў прыйшло каля 20 чалавек: калегі, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, пісьменнікі, грамадкія дзеячы, сябры палітычных партыяў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара