Гарадзенскую “Мову Нанова” наведаў Юры Жыгамонт
Вядучы “Падарожжаў дылетанта” – праграмы, што з’яўляецца адной з самых вядомых на беларускім тэлебачанні, – наведаў гарадзенскія курсы “Мова Нанова”. Больш з паўсотні прысутных закідала вядомага беларускага падарожніка пытаннямі пра гісторыю і падарожжы, пра яго родную вёску і прыгожых беларускіх дзяўчат. Маладзёны і людзі сталага веку , што наведалі гарадзенскія курсы, цікавіліся сцэнарамі да праграмаў Юрыя, пыталіся пра тое, ці цікавыя аўтару падарожжы ў іншыя краіны. Пра сваю праграму і тое, што трэба рабіць беларусу, Юры Жыгамонт распавёў Беларускаму Радыё Рацыя:
– Гэтай праграме будзе ўжо 15 гадоў. Я зараз так адразу і не ўзгадаю. Трэба падарожнічаць. Бярыце ровар, едзьце, глядзіце. Калі роварам зараз холадна ехаць, то можна на машыне, цягніку ці аўтобусе.
Па словах падарожніка, апроч падарожжаў па Беларусі, ён марыць наведаць Беласточчыну і Віленскі край, Смаленшчыну і Браншчыну, каб зрабіць цыкл праграмаў „Падарожжы па Вялікім Княстве Літоўскім”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота afisha.tut.by, Беларускае Радыё Рацыя