Гарадзенцам не стае помнікаў гістарычным асобам
У Гародні некалькі дзён таму забралі на рэканструкцыю драўляны помнік Вітаўту Вялікаму, які стаяў паміж Старым і Новым Замкам. Помнік быў пастаўлены ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя літоўскай грамадою і цяпер ў Гародні няма ўспаміна пра караля Вітаўта.
Якога яшчэ помніка не хапае Гародні, адказвалі жыхары горада падчас невялікай апытанкі:
– Вельмі не хапае ў Гародні помніка Стэфану Баторыю, сапраўднага – ёсць толькі шыльда ў касцёле. А гэта кароль, які зрабіў для нас неверагодна шмат, так горад развіўся ў гэты час. Акрамя таго – мір, ён перамог у вайне з Іванам Грозным. Насталі дзесяцігоддзі спакою. Гэта ганебна, што няма помніка Баторыю.
– Не хапае, канешне, помніка Васілю Быкаву. Не хапае і старажытнай нашай гісторыі – гэта Баторый, Вітаўт.
– Шмат якім выбітным імёнам, якія спрычыніліся да гісторыі Гародні, не стаяць помнікі. Але трэба, напэўна, пачынаць з такога моманту, як перайменаванне вуліц.
– Ды ніякіх помнікаў нестае гарадзенцам у Гародні. Таму што помнікі ў Гародні вельмі слаба адлюстроўваюць гісторыю нашага горада. Няма помнікаў героям мінулага – Вітаўту, Стэфану Баторыю, тым людзям, якія спрычыніліся да развіцця і станаўлення нашага горада.
Днямі ў Гародні з’явілася петыцыя за тое, каб у горадзе паўстаў вялікі помнік Вітаўту Вялікаму. За з’яўленне помніка ўжо падпісалася некалькі сотняў гарадзенцаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота toby.by