Гарадзенцам пакажуць „Крымінальнае чытво”
У гарадзенскай прасторы „Цудоўня” 1 жніўня пакажуць фільм „Крымінальнае чытво” па – беларуску. Паказ будзе адбывацца ў межах краўфандынг-кампаніі „Лета з „Амерыканкай”.
Пра паказ фільма распавядае арганізатарка паказаў Надзея Несцяровіч-Вішнеўская:
– Мы робім гэты паказ адначасова з паказам у Менску, які ладзяць перакладчыкі, класікі амерыканскай літаратуры. Ёсць такі праект „Амерыканка”, у межах якога хочуць перакладаць класіку амерыканскай літаратуры на беларускую мову. У падтрымку гэтага праекта робяцца прагляды фільмаў па кнігах, якія рыхтуюцца да перакладу. Першы з гэтых фільмаў – гэта „Крымінальнае чытво” ў прафесійнай агучцы на нашай мове.
Арганізатары абяцаюць, што цягам жніўня па аўторках гарадзенцы ўбачаць „Крымінальнае чытво”, „Байцоўскі клуб” і „Палёт над гняздом зязюлі” па-беларуску. Грошы на новую серыю “Амерыканка” перакладчыкі збіраюць на платформе „Улей”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня