Гарадзенцам расказалі, як шукаць сваіх продкаў



У Гарадзенскім цэнтры гарадскога жыцця прайшла чарговая сустрэча клуба „Нашчадкі”аматараў складання ўласнага радаводу. Сяргей Герман, адзін з выступоўцаў, азнаёміў гарадзенцаў з дзясяткамі інтэрнэтсайтаў, парталаў, якія могуць дапамагчы ў пошуку продкаў. Таксама ён паказаў, якімі спосабамі гэтага можна дасягнуць. Але, як заўважыў Сяргей Герман, тэхнічны поступ архіўнай справы ў Беларусі адстае ад іншых краін.

Датычна новых сучасных метадаў у Беларусі, то тут, канешне, яны яшчэ ўвогуле, можна так сказаць, не распрацаваныя, і Беларусь у гэтай галіне адстае ад сваіх заходніх суседзяў на шмат-шмат крокаў. Але ў Еўропе розныя метады кшталту апазнавання па старых фотаздымкаў ці штосьці іншае падобнага кшталту ўжо паціху прыходзіць, і ім паспяхова карыстаюцца.

Гісторык Генадзь Семянчук на сустрэчы клуба заўважыў, што за хуткім тэхнічным поступам алічбавання архіваў не варта поўнасцю на гэта спадзявацца. „Лепей спраўджваць,” – раіць аматарам радаводаў фізічным наведваннем архіваў Генадзь Семянчук. Асабліва гарадзенскі абласны архіў і цяпер можа здзівіць непісьменным афармленнем дакументаў.

Яны складалі так, каб нічога не можна было знайсці. Былі і надалей ёсць татальна неадукаваныя, якія, напрыклад, пазапісвалі Валожынскі павет (уладанне Тышкевічаў і Чартарыйскіх) так неверагодна, што Чартарыйскіх нават вымавіць немагчыма, а маёнтак Сакаўшчызна таксама перакруцілі неверагодным чынам, што яны не існуюць ні на мапах, ні ў мове. І калі Чартарыйскія прыслалі афіцыйны запыт, ці ёсць у іх штосьці па гэтых маёнтках і гэтым родзе, ім адпісалі, што няма, бо ў іх у вопісе напісана зусім іншае.

Заўважана, што апошнім часам у дзяржаўных гістарычных архівах Гародні і Менска праводзіцца пераправерка старых вопісаў. Таксама істотнай перашкодай у пошуках сваякоў застаецца адсутнасць дадзеных, якія звязаныя з масавымі палітычнымі рэпрэсіямі. Яны недасягальныя беларусам, абмежаванні таксама ёсць у архівах на асабістыя такія справы.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара