Гарадзенцаў судзяць за парушэнне грамадскага парадку
Юры і Уладзімір Седзянеўскія, Аляксандр Якубоўскі, Жана Захаркевіч ды Надзея Сцепанцова спрабуюць давесці сваю невінаватасць у Ленінскім раённым судзе Гародні.
Іх абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: „арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якімі груба парушаецца грамадскі парадак,” а таксама „гвалт, альбо пагроза прымянення гвалту адносна супрацоўніка ўнутраных справаў.”
Суддзёй Ганнай Левусік былі дапытаны сем сведкаў- міліцыянтаў.
За падзеямі ў судзе назіраў праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Раман Юргель.
– Усе прозвішчы сведкаў зменены. Як на пачатку следства, так і зараз у судзе паступілі на імя суддзі заявы, што ім нейкія пагрозы бяспекі ёсць, але калі адвакаты ўсіх сведкаў пацярпелых запытвалі, ці на гэтыя пагрозы звярталіся яны ў міліцыю, то ніводзін з іх не звяртаўся. Навошта хаваць свой твар, як гэтыя ўсе міліцыянты-амапаўцы, якія кожны дзень і надалей працягваюць выконваць свае службовыя абавязкі.
Заўтра будзе працягнута апытанне сведкаў са змененымі імёнамі, пры немагчымасці іх убачыць назіральнікамі працэсу.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя