Гарадзенцаў запрашаюць на сустрэчу з “Гавары Праўду”
21 лютага ў Цэнтры гарадскога жыцця, што знаходзіцца ў цэнтры Гародні па вуліцы Савецкая, адбудзецца сустрэча з кіраўніцтвам кампаніі “Гавары Праўду”. Да жыхароў горада над Нёманам завітаюць Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў у межах паездак па рэгіянальных цэнтрах.
Пра будучую сустрэчу распавядае каардынатар кампаніі “Гавары Праўду” па Гарадзеншчыне Зміцер Бандарчук:
– Гэта першая сустрэча ў Гародні, таму мы запрашаем людзей прыйсці на гэтую сустрэчу, каб разам паразмаўляць пра сітуацыю ў Беларусі, нашы знешнія стасункі, а самае галоўнае – пра тое, якія ёсць інструменты, каб вырашаць рэальныя пытанні. Акрамя лайкаў у сацыяльных сетках, пікетаў і незарэгістраваных маршаў, што яшчэ могуць рабіць беларусы, каб насамрэч вырашаць пытанні як у межах Беларусі, так і свайго цэнтра.
Пачатак сустрэчы 21 лютага ў 18:30. Апроч сустрэчы з жыхарамі Гародні, кіраўніцтва “Гавары Праўду” плануе сустрэцца з гарадскімі дэпутатамі. Пасля сустрэчы з жыхарамі Гародні Караткевіч і Дзмітрыеў плануюць таксама сустрэчу з жыхарамі Ліды, а пасля іх чакае паездка і сустрэча з жыхарамі Берасця.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня