Гарадзенцы: 3 ліпеня мы не адзначаем



3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень Незалежнасці. Свята займела дзяржаўны статус пасля рэферэндума 1996 году.

Гарадзенцы адказалі, як адзначаюць гэты дзень падчас невялікай апытанкі ў цэнтры гораду.

– Для мяне 3 ліпеня ў прынцыпе не свята. Я працую журналістам, і калі б у гэты дзень не трэба было працаваць, я з задавальненнем паехаў бы на возера і адпачываў, таму што я не люблю, калі збіраецца шмат людзей, не люблю, калі прымушаюць радавацца пад наглядам міліцыі.

– Асабіста для мяне 3 ліпеня проста 3 ліпеня. Неяк так гістарычна склалася, што ні ў маёй сям’і, ні ў маім атачэнні, ні асабіста я не адчуваю ў гэты дзень нейкага вялікага свята.

– Да 3 ліпеня, калі шчыра, я стаўлюся абыякава. Для мяне гэта проста звычайны працоўны дзень. Бо я не лічу, што дзень вызвалення горада Менска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў можна лічыць святам цэлай краіны.

– Гэта не свята – звычайная масоўка.

РР: Гэты дзень вы не адзначаеце дома?

– Не.

РР: А чаму?

– Мне наогул нашыя масавыя мерапрыемствы не падабаюцца. Гэта нейкі загон – людзей заганяюць і кантралююць.

Свята 3 ліпеня святкуюць на дзяржаўным узроўні і ў Беларусі гэта выходны дзень. У сувязі з недакаранцінам вялікіх святкаванняў ладзіцца не будзе, аднак амаль ва ўсіх гарадах адбудзецца ўскладанне кветак, як падобным чынам адбываецца на дзень Перамогі 9 траўня.

Беларускае Радыё Рацыя