Гарадзенцы аб’ядналіся ў “Гарадзенскі далягляд”
У Гародні пачала працу грамадская кааліцыя ў якую ўвайшоў шырокі спектр грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Кааліцыя мае назву “Гарадзенскі далягляд” і збіраецца працаваць дзеля будучых пераменаў.
Па словах прадстаўніка БХД па Гарадзенскай вобласці Міколы Баўсюка апрача вялікіх праблемаў трэба вылучаць і маленькія, напрыклад, праблему з абслугоўваннем жанчын з дзецьмі:
– Зараз ёсць праблема, якую раней ужо БХД закранала – гэта паліклініка на Дзевятоўцы. Гэта праблема не вырашаецца, не вырашана, з малымі дзецьмі даводзіцца матулям ездзіць па розных іншых паліклініках таму, што ў паліклініцы на Дзевятоўцы ёсць толькі невялікае дзіцячае аддзяленне, дзе прымаюць тэрапеўты, а лекараў па спецыяльнасцях там няма. Першае, што мы хочам дабіцца, каб маглі прысутнічаць лекары і прымаць на месцы, каб матулі не ездзілі з хворымі дзецьмі па іншых паліклініках.
Паводле Міколы Баўсюка ў бліжэйшы час у Гародні павінна з’явіцца грамадская прыёмная, куды кожны жадаючы гарадзенец зможа звярнуцца па пытаннях, якія яго цікавяць.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня