Гарадзенцы чакаюць Патрыярха Кірыла
Візіт Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Беларусь на свята Усіх Беларускіх Святых – планавы.
Ён рыхтаваўся за паўгады да прыезду. Вернікі Гародні ўскладаюць на гэты візіт асаблівыя спадзяванні. Найперш – гэта пастырская падтрымка сваіх адзінаверцаў, кажа айцец Вячаслаў Гаплічнік:
– Патрыярх Кірыл рупліва ставіцца да Беларусі, да іншых епархій Расейскай праваслаўнай царквы, канешне – гэта візіт пастарскі і мае на мэце падтрымаць вернікаў. Кожны веруючы чалавек сустракаецца і з атэізмам, і не дабразычлівымі адносінамі да царквы. Важна мець такую малітоўную падтрымку, пастарскую падтрымку Патрыярха, таму я думаю, што нашыя вернікі з радасцю будуць удзельнічаць у супольных богаслужэннях, і шмат хто захоча атрымаць блаславенне першасвяціцеля.
З Гародні ў Менск і Берасце на сустрэчу Патрыярха Маскоўскага выяжджае пастар Гарадзенскай епархіі архіепіскап Арцемій, які разам з пілігрымамі з Гародні будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях свята Усіх Беларускіх Святых.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня