Гарадзенцы далучаюцца да валанцёрскага руху
Некалькі соцен гарадзенцаў далучыліся да валанцёрскага руху „Гродна/Валанцёры covid19”.
Створаны адмысловы чат у тэлеграм канале. Чым займаюцца зараз валанцёры, распавядае адзін з каардынатараў Сяргей Герман:
– Аказваем дапамогу медыкам у зборы першасных сродкаў абароны – гэта абарончыя халаты, або камбезы, гэта абарончыя экраны, гэта маскі, бахілы і іншыя падобныя рэчы, якія могуць хоць нейкім чынам, хаця б не на 100 адсоткаў, але забяспечыць нейкую абарону медыкам, каторыя зараз знаходзяцца на першым краю змагання з каронавірусам. А ў планах, канешне, калі ўсё ж такі паўстане крытычная сітуацыя, то будзем спрабаваць дапамагаць у першую чаргу сталым людзям, або тым групам насельніцтва, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі.
Сяргей Герман тлумачыць, што таксама створаны краўдфандынгавы збор, дзе гараденскім валанцёрам можна дапамагчы “рублём”.
– Гэта збор на платформе Мола-Мола на бягучыя патрэбы. Гэта, напрыклад, для набыцця матэрыялу для пашыву касцюмаў, або масак. На рознага роду іншыя такія расходныя матэрыялы. Сёння мы бачым, што гарадзенцы актыўна ўключаюцца, людзі ахвяруюць, пытаюцца, як дапамагчы, якім чынам, кажуць, і рублём, і рукамі, і проста маральная падтрымка, словы падзякі таксама вельмі важныя.
Дапамагчы валанцёрам у Гародні можна проста – штодня ў Цэнтры гарадскога жыцця, які прадставіў сваё памяшканне пад валанцёрскія патрэбы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча