Гарадзенцы далучыліся да стварэння Фонду Шарамета



Гарадзенская кампанія Іквадарт дапамагла стварэнню сайта Фонда Паўла Шарамета «Свабода і салідарнасць».

Распавядае прадстаўнік кампаніі Глеб Койпіш:

– Фонд Шарамета накіраваны на тое, каб падтрымаць і распаўсюдзіць спадчыну, якую пакінуў пасля сябе Шарамет. Другая яго мэта – гэта падтрымка незалежных журналістаў у Беларусі, Украіне, Расеі і, здаецца, у Польшчы. Вось дзве асноўныя мэты. Шарамет для мяне – гэта моцны чалавек, які ўсё сваё жыццё рабіў усё дзеля таго, каб існавала праўда ў нашай краіне і не толькі ў нашай.

Паводле Глеба Койпіша, фонд ужо распачаў сваю працу.

– Мне здаецца, пра такіх людзей нельга забываць. Пра іх трэба распавядаць. І таму мне, дарэчы, прапанавала Вольга Корсун паўдзельнічаць у гэтым праекце, і я з задавальненнем пагадзіўся.

РР: Фонд ужо дзейнічае? Ці гэта толькі ў планах?

– Ён ужо дзейнічае. Мне здаецца, што на мінулым тыдні журналісты ўжо атрымалі нейкія стыпендыі і, здаецца, нават журналіст з тутбая, наколькі я ведаю.

На старонцы Фонду сабраныя інтэрв’ю, артыкулы, фільмы і кнігі Паўла Шарамета. Тут таксама  будуць з’яўляцца абвесткі пра магчымасці фонду для журналістаў(-ак). Фонд імя Паўла Шарамета плануе штогод даваць прэмію найлепшым журналістам(-кам) Беларусі, Украіны і Расеі, а таксама выплачваць імянную стыпендыю таленавітым студэнтам(-кам) журфакаў трох краін.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча