Гарадзенцы хочуць, каб прыбіральні ў ПП „Брузгі” сталі бясплатнымі



Гарадзенцы пачалі збор подпісаў пад патрабаваннем зрабіць прыбіральні ў ПП „Брузгі” бясплатнымі, паведамляе s13.ru.

На сайце «Зручны горад» з’явілася петыцыя, у якой яны просяць зрабіць прыбіральні ў пункце пропуску „Брузгі” бясплатнымі. Бо ў той жа «Кузніцы» на сумежнай тэрыторыі прыбіральні бясплатныя, у некаторых жа выпадках у памежніка нават можна адпрасіцца для наведвання запаветнай кабінкі яшчэ да праходжання пашпартнага кантролю. У нас усё інакш.

«Мала таго, што прыбіральня платная, дык яшчэ аплата (50 кап.) прымаецца толькі ў беларускіх рублях. Турысту спачатку неабходна бегчы ў абменнік і толькі потым у прыбіральню. Таксама не кожны ведае, куды бегчы, дзе грошы плаціць. Такая паслуга ў прынцыпе павінна быць бясплатная для ўсіх, асабліва ў міжнародных пунктах пропуску „, лічыць укладальнік петыцыі.

На дадзены момант пад дакументам падпісаліся 40 чалавек. Праз 4 дні дакумент будзе адпраўлены ў Дзяржаўны мытны камітэт.