Гарадзенцы – лепшыя на конкурсе рэгіянальных СМІ Беларусі



Гарадзенскае выданне Hrodna.life стала лепшым сайтам сярод 20 выданняў, якія ўваходзяць у Асацыяцыю выдаўцоў рэгіянальнай прэсы. Журналісты гэтага выдання атрымалі таксама 7 дыпломаў на штогадовым конкурсе.

Пра ўзнагароды распавядае рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік:

Мы ўступілі ў асацыяцыю толькі год таму, і адразу такі поспех. Мы проста вельмі ўражаныя і ганарымся сабой. Нашыя матэрыялы атрымалі дыпломы ў намінацыі «Найлепшы сацыяльны рэпартаж» і ў намінацыі «Краязнаўства». Гэта шэраг артыкулаў ад Руслана Кулевіча, якія пасля склалі кнігу ўспамінаў гарадзенцаў. Таксама мы сталі фіналістамі ў намінацыях «Гісторыя», «Найлепшая сацыяльная акцыя», «Найлепшы матэрыял на беларускай мове», а таксама «Экалагічны рэпартаж».

 

Журналіст Руслан Кулевіч удзячны за свае ўзнагароды рэдакцыі:

– Гэта адна з такіх першых маіх узнагарод, дзякуй рэдакцыі. Яны, можна сказаць, зрабілі гэта за мяне, яны даслалі мае артыкулы на конкурс. Я ж аддаю перавагу больш працы. Я шукаю навіны і пішу, кожны дзень неяк вось у працы, і не да конкурсаў. Але вось, дзякуючы рэдакцыі, я атрымаў тры дыпломы. Вельмі прыемна, дзякуй.

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч рыхтуе да выдання новую кнігу ўспамінаў гарадзенцаў, якая выйдзе ў свет 2020-м годзе. Частка гэтых успамінаў выходзіла на сайце Hrodna.life ў якасці рэпартажаў. Журналіст збірае грошы на выданне гэтай кнігі праз краўдфандынг.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча