Гарадзенцы пісалі лісты журналістам за краты
Гарадзенская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў і Цэнтр гарадскога жыцця сталі арганізатарамі акцыі па напісанні лістоў беларускім журналістам, што знаходзяцца за кратамі.
За тыдзень было напісана некалькі дзясяткаў лістоў Кацярыне Барысевіч, Кацярыне Андрэевай, а таксама Дар’і Чульцовай.
Пра акцыю салідарнасці распавядае кіраўніца Гарадзенскай філіі ГА “БАЖ” Вольга Корсун:
– Зараз за кратамі знаходзяцца некалькі нашых калег, проста за тое, што яны выконвалі сваю працу. У беларускім грамадстве салідарнасць – гэта адзінае, што дае нейкія сілы не апускаць рукі і рушыць далей, нейкім чынам адказваць рэжыму на тое, што адбываецца. Таму падтрымка, салідарнасць з тымі журналістамі, якія без віны знаходзяцца за кратамі і сустрэнуць там Новы год, Раство, абавязкова павінна быць.
Таксама гарадзенцы цягам апошняга тыдня напісалі лісты палітзняволеным, што сядзяць у гарадзенскай турме. А 30-31 снежня будуць перададзеныя перадачы палітзняволеным Яўгену Разнічэнку, Зміцеру Фурманаву і Уладзіміру Кнізе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча