Гарадзенцы — пра кошты на камуналку
Многія гарадзенцы, якія атрымалі квітанцыі на аплату камунальных паслугаў, пакуль не адчулі змены тарыфаў. Так званыя «жыроўкі» большасць жыхароў гораду атрымалі толькі 29-га сакавіка. У бланках на аплату гэтым разам не пазначана, які працэнт аплачвае жыхар кватэры, а колькі кампенсуецца дзяржавай.
Ці змянілася аплата камунальных паслугаў? Невялікае апытанне на вуліцах Гародні:
— Я практычна не адчула розніцы, у пераліку мінус 27 000 ўа мінулы месяц, але я ў гэтым месяцы заплаціла нашмат болей, бо некаторыя тарыфы павысіліся. Таму, сэнсу з пераразліку і зацягванні тэрмінаў прадастаўлення квітанцыяў я ніякага не бачу.
— Мы не адчулі, бо розніца літаральна на 20 тысяч прыблізна, плюс на мінус ацяпленне.
— Па факце, што нібыта паслугі патаннелі і зрабілі пераразлік і ўсё нібы стала на свае месцы і патаннела, а аплата стала нашмат вышэйшая і цяжэй цяпер адолець усе гэтыя аплаты.
Прыгадаю, што ў студзені камуналка падаражэла, пазней Аляксандр Лукашэнка загадаў знізіць кошты. У сакавіку беларусы павінны былі атрымаць разлікоўкі з новымі тарыфамі, у прыватнасці, на санітарнае абслугоўванне дамоў і карыстанне ліфтам.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня