Гарадзенцы просяць дапамагчы рублём рэпрэсаваным актывістам
Гарадзенскія актывісты стварылі свой аналаг by_help – збор дапамогі рэпрэсаваным за акцыі ў падтрымку Незалежнасці.
Пра адметнасці гарадзенскай кампаніі распавядае адзін з арганізітараў – намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– Шэраг гарадзенцаў былі пакараныя велізарнымі штрафамі. На сённяшні дзень сума штрафаў – больш за тры тысячы рублёў. Таму мы вырашылі выкарыстоўваць механізмы салідарнасці і звярнуцца да гарадзенцаў, да беларусаў, жыхароў Гародні з просьбай дапамагчы ў пакрыцці гэтых выдаткаў.
На думку палітыка, гарадзенская кампанія не супярэчыць агульнабеларускай кампаніі by_help:
– Мы ўсе працуем разам, і менская кампанія by_help, і мы – як частка яе. Мы акцэнтуем сваю ўвагу менавіта на гарадзенцах і звяртаемся перш за ўсё да іх праявіць салідарнасць з жыхарамі свайго горада. Гэта не пярэчанне адной кампаніі другой. Гэта ўзаемадапаўняльныя зборы сродкаў на дапамогу пацярпелым. Мы не збіраемся абмяжоўвацца выключна тымі людзьмі, якія ўжо былі аштрафаваныя, – гэта пяць чалавек.
Падтрымаць рэпрэсаваных гарадзенцаў можна на адмысловай старонцы кампаніі,- https://molamola.by/cmp/dDr . Агулам сума штрафаў па ўсёй краіне – гэта амаль 35 тысяч даляраў – кампаніяй by_help ужо сабралі каля 15 тысяч даляраў праз розныя магчымасці дапамогі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча