Гарадзенцы спадзяюцца, што польскае тэлебачанне вернецца (абноўлена)



Гарадзенцы спадзяюцца, што польскія дыпламатычныя службы паспрыяюць з’яўленню ў сетках кабельнага тэлебачання аднаго з польскіх каналаў.

За дапамогай да міністра замежных спраў Польшчы звярнулася група жыхароў горада, якія просяць польскага чыноўніка паспрыяць станоўчаму вырашэнню пытання.

Восенню споўніцца 2 гады, як аператар кабельнага тэлебачання “Гарант” адмовіўся ад трансмісіі канала “Польсат”, што на думку мастачкі Валянціны Брысач негатыўна ўспрымаецца не толькі польскай меншасцю, але і многімі жыхарамі горада:

– Для мяне польская мова – гэта родная мова, я размаўляла на польскай мове з дзяцінства. Я добра ведаю беларускую мову, можна сказаць, што гэта мая другая родная мова. Я лічу, што тэлебачанне людзі глядзяць і глядзяць розныя праграмы – гэта спрыяе культурнаму развіццю кожнага чалавека.

Гарадзенцы неаднойчы звярталіся да кіраўніцтва фірмы “Гарант” з прапановай уключэння каналаў польскага тэлебачання ў сеткі вяшчання.

Аднак пытанне застаецца не вырашаным да гэтага часу ў сувязі з тым, што фірма “Гарант” спасылаецца на тэхнічныя праблемы і немагчымасць дамовіцца з польскім бокам.

* * *

Група гарадзенскіх палякаў звярнулася да міністра замежных спраў Рэспублікі Польшча Гжэгожа Схэтыны, старшыні сеймавай камісіі па сувязях з палякамі за мяжой Адама Ліпіньскага і сенатара Анджэя Персона з просьбай пасадзейнічаць у аднаўленні вяшчання польскіх тэлевізыйных каналаў на тэрыторыі Гарадзеншчыны.

На думку Веслава Кеўляка польскае тэлебачанне было добрым дыдактычным дапаможнікам для навучэнцаў польскай школы,

– Няма падручнікаў для старэйшых класаў на польскай мове. Існуе праблема павольнай русіфікацыі. Усё часцей і часцей шмат якія прадметы выкладаюцца цалкам на рускай мове, маўляў бракуе настаўнікаў, якія маглі бы выкладаць на польскай мове. І гэта не выглядае вельмі добра, бо і ў самой школе шмат хто з настаўнікаў размаўляе на рускай мове. 

У верасні 2013 года польскае тэлебечанне перайшло на трансляцыю ў лічбавым фармаце, менавіта таму польскія праграмы зніклі з экранаў у сувязі з тэхнічнымі праблемамі аператараў кабельнага тэлебачання Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя