Гарадзенцы спрабуюць дамагчыся справядлівасці
Пацярпелыя ад самавольства АМАПу гарадзенцы спрабуюць праз абласны суд дамагчыся справядлівасці і адмесці сфабрыкаваныя абвінавачанні і вынесеныя рашэнні судамі першай інстанцыі. Музыка Ігар Банцар не дамогся станоўчага разгляду сваёй скаргі абласным судом. Яго затрымалі 10 жніўня.
Кажа Ігар Банцар:
– Судзілі мяне перш у турме, потым у пастарунку міліцыі Ленінскага раёна на вуліцы Дубко, трынаццатага ўжо. Мой суд, я лічу, што гэта была помста з боку нашых кэдэбістаў, упраўлення ўнутраных справаў, якое мяне не паважае і, можа, ненавідзіць, я не ведаю. Таму што мяне асудзілі пасля абеду ў пяць-шэсць гадзін вечара трынаццатага. А чатырнаццатага ўсіх людзей выпусцілі. То бок яны ведалі, што будуць выпускаць, а мяне адмыслова пацягнулі на суд і прысудзілі 20 базавых. Каб мяне адправілі на суткі, прыйшлося б выпускаць праз дзень, а мяне адмыслова асудзілі.
Слонімскі журналіст Алесь Масюк атрымаў папярэджанне ў якасці пакарання, за ўдзел нібыта ў масавым мерапрыемстве несанкцыянаваным чыноўнікамі 9 жніўня. Абласны суд у асобе Анатоля Зайца не адмяніў рашэнне слонімскіх калегаў.
А вось справу журналіста Руслана Кулевіча, якога жорстка збілі разам з жонкай, а пасля далі яму 7 сутак арышту, суддзя абласнога суда Ігар Собалеў накіраваў на перагляд у Кастрычніцкі раённы суд.
Кажа Раман Юргель, прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Беларускі Хельсінкскі Камітэт:
– Руслан Кулевіч у той дзень выконваў рэдакцыйнае заданне. Ён рабіў фотаздымку таго, што там праходзіць у гэтым месцы. Мірны пратэст грамадзян па выніках выбараў. Усё адно, нягледзячы на тое, што ён зайшоў у краму, яго АМАПаўцы затрымалі, збілі, і ён правёў ноч у турме. А потым адбылося закрытае судовае паседжанне ў кастрычніцкім РАУСе Гародні.
Таксама не засталася па-за ўвагай адваката Руслана Кулевіча акалічнасць, што журналіст быў моцна збіты азвярэлымі АМАПаўцамі, якія паламалі яму дзве рукі. Пасля чаго ён правёў шмат дзён у шпіталі.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя