Гарадзенцы спрабуюць сустрэцца з мясцовымі дэпутатамі



Гарадзенцы ініцыююць сустрэчы не толькі з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, але і з мясцовымі дэпутатамі. Для гэтага адбываецца збор подпісаў выбаршчыкаў і пасля прадстаўнікі ініцыятыўных групаў перадаюць гэтыя подпісы дэпутатам.

Кажа прадстаўнік адной з такіх ініцыятыўных групаў Антон Цымбалісты:

– Мы сабралі 28 подпісаў для дэпутата Жэлезняковіч Алены Іванаўны. Яна з’яўляецца дэпутатам 29-й Гімназічнай акругі па гораду Гародні. Мы падалі подпісы, яна сказала, што на працягу некалькіх дзён дасць адказ па гэтай заяве. Па яе словах яна першы раз сутыкаецца з такой сітуацыяй. Удакладніць, як правільна праводзіць гэтае пасяджэнне і сказала, што звяжацца непасрэдна са мной, на мой тэлефон патэлефануе, дасць адказ у якім фармаце будзе праходзіць пасяджэнне. 

Па яго словах ініцыятыўная група плануе правесці сустрэчу ў бліжэйшы час, але для сустрэчы трэба падрыхтавацца, каб правесці яе належным чынам:

– Хочам сфармаваць афіцыйную групу людзей, якая там будзе – старшыня, сакратары старшыні, лічыльная палата нават павінна быць у нас, якая будзе рэгістраваць людзей. Мы падрыхтуем пытанні, разаб’ем іх па секцыях. Можна сказаць секцыя выбараў ці секцыя пра МУС там штосьці. У нас будзе выступоўца ад кожнай секцыі, ён будзе задаваць канкрэтныя пытанні.

У Гародні ўжо сфармаваны ініцыятыўныя групы па адкліканні дэпутатаў рознага ўзроўню. Напрыклад, па адкліканню дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па розных акругах ужо сабраныя некалькі сотняў подпісаў. Гэтыя подпісы перададзены ў гарадскі савет, а таксама адпраўлены поштай.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча