Гарадзенцы супраць адзначэнння 7 лістапада



У Гародні, як і ў іншых гарадах Беларусі, святочна адзначылі 100-годдзе Кастрычніцкага перавароту, які беларускія ўлады называюць Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Грамадскія дзеячы і гісторыкі супраць святкавання гэтай даты на дзяржаўным роўні.

Кажа гісторык Ян Лялевіч:

– Паў Беларусі 7-га лістапада (25 кастрычніка) 1917 года была пад нямецкай акупацыяй, адпаведна гэтая дата на той момант нічога не прынесла. Ёсць даты нашай айчыннай гісторыі, нашых традыцый, узяць хаця б Дзень продкаў 2-га лістапада.

Для журналіста, рэдактара беларускай службы сайта informnapalm.org Дзяніса Івашына, гэты дзень азмрочаны смерцямі сотняў тысяч беларусаў:

– Дзень азмрочаны смярцямі дзясяткаў мільёнаў чалавек, вялікім тэрорам, практычна кожны квадратны метр паліты крывёй беларусаў. У гэтых рэаліях, калі ўсё гэта вядома, калі практычна штотыдзень адбываецца талака ў Курапатах, у нашым нацыянальным мемарыяле, дзе ляжаць тысячы ахвяраў бальшавікоў, святкаваць у гэтых рэаліях 7-га лістапада, я лічу проста недарэчна. Гэта сведчыць пра рэальны ўзровень палітыкі, якую праводзіць Рэспубліка Беларусь.

Афіцыйна ў дзень 7 лістапада ў Беларусі – выходны дзень, у які не працуюць большасць прадпрыемстваў і дзяржаўных ўстановаў. Бедарусь – адзіная краіна, дзе на дзяржаўным ўзроўні святкуецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня