Гарадзенцы супраць штрафаў за экскурсіі без ліцэнзіі
Старшыня грамадскага аб’яднання гідаў і экскурсаводаў, Мікола Чырскі, прапанаваў экскурсіі без ліцэнзіі абкладаць штрафам ў памеры 100 базавых велічыняў.
Гэтая прапанова прагучала на круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь.
Па словах Чырскага, у краіне адсутнічае кантроль за працай экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.
Жыхары Гародні выказалі карэспандэнту Беларускага Радыё Рацыя свае меркаванні наконт гэтай прапановы:
— Я лічу, што гэта проста жахліва. У мяне многа знаёмых, якія жывуць па-за межамі Гародні, і людзі хочуць ведаць нешта пра горад. Я горад ведаю някепска і таму, расказваю, паказваю. Усе ў захапленні. Хіба такое можна назваць неліцэнзаваным правядзеннем экскурсіі? І каб за гэта яшчэ бралі нейкія штрафы? Гэта проста жахліва.
— Я абураны. Мне здаецца, што не трэба ніякіх санкцыяў, бо у нас гэта і так не надта добра развіта, а калі пачнуць і прыціскаць тое, што людзі спрабуюць неяк сваімі сіламі развіць у нас інфраструктуру для турыстаў дык гэта лішняе.
— Вось у мяне многа сваякоў і калі да мяне прыязджаюць знаёмыя і сваякі я паказваю ім цэнтр горада, Каложу… І я не лічу гэта экскурсіяй.
Колькасць экскурсіяў па Гародні апошнім годам паменела ў разы. Гэта звязана з эканамічнай сітуацыяй ў краіне, а па-другое, эканамічны крызіс у Расеі і Еўропе уплывае на змяншэнне попыту на экскурсіі, бо турысты аддаюць перавагу звычайным шпацырам па горадзе.
Беларускае Радыё Рацыя