Гарадзенцы ўзгадалі пра трагічную ноч 1937 года
Гарадзенцы ўзгадалі пра трагічную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі ў менскай турме былі забітыя 132 прадстаўнікі беларускай эліты. У Цэнтры гарадскога жыцця прайшла вечарына, у якой дэкламаваліся вершы закатаваных паэтаў. Адмысловы госць Марат Гаравы расказаў пра свой шлях да вывучэння месца масавага забойства жыхароў Беларусі ў Курапатах. Ён засяродзіўся на тым, што важна не даць забыцца пра падобныя месцы, якіх багата ў краіне.
– Гэта самае галоўнае, што трэба зараз рабіць. Гэтую тэму трэба папулярызаваць, яе трэба несці ў народ. З аднаго боку, калі мы стваралі сваю ініцыятыву, мы паставілі задачу вярнуць Курапаты ў грамадскую свядомасць. Вось гэта была першая задача. І мы нешта зрабілі, робім і будзем рабіць. Мы павінны зараз пашыраць гэтую працу. Трэба кніжкі пра гэта рабіць, у тым ліку для падлеткаў, бо ў нас увогуле няма літаратуры пра Курапаты.
Усё, што робіць існая ўлада ў Курапатах, і тэма нявінна расстраляных камуністычным рэжымам, на думку Марата Гаравога, працуе дзеля пашырэння ведаў пра масавыя забойствы на тэрыторыі Беларусі.
Дадаткам да імпрэзы стаў вернісаж адной карціны. Яе назва „Клуб Дзяржынскага, альбо Ноч паэтаў” мастака з Менска Андрэя Дубініна. Твор вялікага памеру паказвае з тылу трох чэкістаў, якія замест наганаў цэляцца ў невядомых ахвяр келіхамі, напоўненымі крывёю. Кажа прадстаўнік выставачнай прасторы „Цэнтр гарадскога жыцця” Сяржук Герман:
– Выпадкова ўбачылі гэтую карціну ў інтэрнэце і вырашылі, што яе варта паказаць гарадзенцам менавіта ў гэтую дату, бо людзі з Гародні там таксама былі, людзі, звязаныя з Гародняй. Увогуле, гэта такая агульнабеларуская трагедыя, якая ніяк не дзеліць ні на гарады, ні на рэгіёны, ні на вобласці Беларусь. Гэта супольная трагедыя.
На вернісажы з гарадзенцамі віртуальна прысутнічаў аўтар, праз інтэрнэт–чат. Як паведаміў мастак, яго, як і многіх жыхароў Беларусі, тэма масавых рэпрэсій мае і сямейную трагічную гісторыю. Карціну гарадзенцы змогуць паглядзець, калі прыйдуць у Цэнтр гарадскога жыцця цягам тыдня.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара