Гарадзенцы выбіраюць Беларусь



Для большасці гарадзенцаў падарожжы за мяжу сталі дарагімі і жыхары вырашылі адпачыць бюджэтна ў Беларусі. На гэта паўплываў крызіс ў эканоміцы краіны і несвоечасовая выплата заробкаў. Жыхары горада плануюць адпачыць у больш танных краіных, такіх як Балгарыя, альбо Грэцыя ці ўвогуле паехаць падарожнічаць па азёрах Беларусі.

Пра свае прапановы для гарадзенскіх турыстаў распавядае дырэктар гарадзенскай турфірмы “Калумбустур” Віталь Мацута:

– Нарэшце гэты кірунак турызму набывае ўсё большую папулярнасць. Мы вяртаемся ў тыя савецкія часы, калі было модна ездзіць адпачываць на нашую беларускую прыроду. Асабліва ў гэтым годзе я назіраю павелічэнне попыту на такі адпачынак. У прыватнасці, нашая фірма спецыялізуецца на веласіпедных, байдарачных і пешых паходах. Зараз мы рыхтуем адначасова некалькі веласіпедных паходаў для школьнікаў.

Па словах  кіраўнікоў іншых турыстычных фірмаў, вялікім попытам карыстаюцца падарожжы па замках і палацах Беларусі. А самы арыгінальны маршрут – на беларускую АЭС прапануе “Спадарожнік” – найстарэйшая турыстычная фірма ў Беларусі. Падчас маршрута турысты пабачаць архітэктурныя помнікі ў Берунах ды Гервятах, а таксама пабачаць, хто і як працуе на будаўніцтве АЭС.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня