Гарадзенцы выказаліся пра адстаўку Кандрусевіча
Адстаўка першага ў пасляваеннай гісторыі Беларусі біскупа – вялікая страта для вернікаў і Царквы, – мяркуюць гарадзенскія вернікі-каталікі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – добры прамоўца, харызматычны лідар, адміністратар, цудоўна валодае беларускай мовай. Менавіта такі пастар быў патрэбны Рыма-каталіцкай Царкве ў Беларусі, якая дынамічна аднаўляецца.Тут справа палітычная і негатыўная для іміджу Царквы, – са скрухай кажуць гарадзенцы:
– У гэтым вялікая „заслуга” рэжыму Лукашэнкі. Кандрусевіч займаў пазіцыю абсалютнага непрымання таго, што адбывалася ў Беларусі цягам апошняга паўгода, непрымання гвалту, сілавых дзеянняў, катавання народу, тых забойстваў. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі Кандрусевіча, грамадзяніна Беларусі, не пускалі ў Беларусь.
– Чалавеку трэба было дапамагчы вярнуцца дадому. Гэта вялікі ўдар па нашым Касцёле. Хай бы ён пабыў яшчэ хоць бы год, а ўжо пасля б каго знайшлі. Добра, каб маладога паставілі, напрыклад, Касабуцкага, але ж паставяць каго з боку з прыпёку.
– Паставілі замест яго старэйшага па ўзросце, і гэта такая нейкая гульня, дагадзілі Лукашэнку, і шампанскае з ім пілі. Ватыкан пакланіўся перад Лукашэнкам.
Папа Францішак прызначыў адміністратарам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі дамініканіна, біскупа Казіміра Велікасельца, які дагэтуль быў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя