Гарадзенцы з Ласосна-4: як жыць без дарогі і крамы?
Гарадзенскі мікрараён Ласосна-4, у якім жыве каля сотні сем’яў, застаўся як на выселках: да яго вядзе толькі грунтавая дарога і каля дамоў няма ні дзіцячай пляцоўкі, ні крамаў. Бліжэйшы прыпынак грамадскага транспарту і школа амаль ў двух кіламетрах.
Каб паспрабаваць вырашыць гэтыя пытанні жыхары стварылі ініцыятыўную групу і будуць пісаць петыцыю гарадскім уладам. Распавядае адзін з актывістаў Віталь Вановіч:
– Застаюцца пэўныя праблемы, якія пакуль што не вырашаныя. Наколькі хутка яны вырашацца, невядома. Першая – гэта дарога да самага мікрараёна, якая ідзе праз лес. Пешшу хадзіць дастаткова праблематычна, таму што, па-перашае, падымаеца вялікі пыл, а па-другое, машына можа выскачыць з-за паварота. Можа здарыцца трагедыя. Напрыклад, дзяцей тут не адпусціш. Лепш мець свой уласны транспарт і так перасоўвацца.
Жыхар Ласосна-4 Аляксандр Казейка упэўнены, што цяпер справа з дарогай будзе неяк мяняцца ў лепшы бок:
– Абмеркавалі план дзеянняў, як у нашых гарадскіх уладаў вымаліць, выпрасіць дарогу. На ўсе запыты мы атрымлівалі фармальныя адпіскі без якой-небудзь канкрэтнай інфармацыі. Цяпер ёсць хоць нейкі шанец, што нешта зрушыцца з мёртвай кропкі. Дзякуючы ініцыятыўнай групе, я думаю, што мы пераломім гэтую сітуацыю і ўсё вырашыцца ў станоўчы бок.
Петыцыя па мікрараёне Ласосна-4 і жылёвых умовах у ім будзе накіравана ўладам Гародні цягам бліжэйшага тыдня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня