Гарадзенцы заклікаюць падтрымаць палітвязня Міхала Жамчужнага



У верасні сёлета споўніцца шэсцьдзесят пяць гадоў палітвязню Міхалу Жамчужнаму. Гарадзенцы, сям’я Верамеенкаў, як і некаторыя іншыя беларусы, не забываюцца на лісты падтрымкі тым, хто па палітычна матываваных прычынах апынуўся за кратамі. Яшчэ адна паштоўка дайшла да адрасату Верамеенкаў ад Міхала Жамчужнага, які цяпер адбывае тэрмін у Горках.

Кажа Вольга Верамеенка:

– Вельмі прыемна атрымаць зваротную сувязь і бачыць, што чалавек нешта ведае. Вось чалавек атрымлівае нейкую сувязь з волі. Мы атрымалі паштоўку, якую ён адправіў 22. Піша, што цудоўна працуе наш ланцужок салідарнасці, яго не парваць, мы – моцныя звёны, і з вашай падтрымкай і мяне не зламіць. Мая перамога – ваша перамога. То бок вось гэтымі словамі ўсё і сказана, чаму мы падтрымліваем і дзеля чаго гэта патрэбна.

За кратамі Міхал Жамчужны з 2015 года – больш як пяць гадоў. Але праваабарончая супольнасць не перастае спадзявацца, што адбудзецца перагляд ягонай справы.

Кажа Раман Юргель, прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта:

– Прадстаўнікі сямі праваабарончых арганізацый прыйшлі да высновы, што асуджэнне Міхаіла Жамчужнага з’яўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным. Яны лічаць неабходным патрабаваць для яго неадкладнага перагляду, прынятага ў яго дачыненні прысуду, пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыю ўказаных вышэй фактараў.

У краме «Адметнасць» у Гародні неўзабаве можа з’явіцца паштоўка, з мастацкай выявай Міхала Жамчужнага, якую жадаючыя падтрымаць палітычнага вязня словам змогуць набыць. Ужо цяпер у краме ёсць некалькі адмысловых паштовак для ліставання з палітвязнямі ў Беларусі.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя