Гарадзенцы збіраюцца ў Кракаў на Сусветныя Дні моладзі
Каля дзвюх тысяч маладых каталікоў з Гарадзенскай дыяцэзіі прымуць удзел у Сусветных Днях моладзі, якія адбудуцца наступным летам у Кракаве. Ужо цяпер святары супольна з моладдзю рыхтуюцца да гэтай падзеі. Мяркуецца, што Сусветныя Дні моладзі наведае каля двух мільёнаў чалавек. Як зазначае каардынатар мерапрыемства ў Гарадзенскай дыяцэзіі ксёндз Антоні Грэмза, удзел у такой падзеі пакідае ў жыцці чалавека незабыўны ўспамін:
– Спадзяюся, што гэта будзе заахвота для моладзі, каб яна магла паехаць у Кракаў – горад Яна Паўла Другога. І нам вельмі важна, каб мы адчувалі духоўную сувязь са Святым Янам Паўлам Другім, які з’яўляецца ў нас апекуном і прыкладам жыцця на зямлі і будавання дыялогу паміж людзьмі на зямлі.
Удзельнічаць у Сусветных днях моладзі маюць магчымасць вернікі, узрост якіх перавышае 14 гадоў. Пытанні ўдзелу ў значнай для жыцця касцёла падзеі каардынуюць ксяндзы-пробашчы ў кожнай парафіі Гарадзенскай дыяцэзіі.
Беларускае Радыё Рацыя