Гарадзенцы згадваюць сілавыя разгоны акцыяў пратэсту
Праз некалькі дзён, як мінулі паслявыбарчыя жахі, некаторыя гарадзенцы, сведкі зьбіцця і палявання на грамадзянаў-пратэстоўцаў фальсіфікацыі выбараў, пачынаюць адыходзіць ад псіхічнага здранцвення.
Жыхары прыватных сектараў Гародні, якія апынуліся ў гушчы падзеяў, пераканаліся, што міліцыя і іншыя сілавікі – небяспечныя, іх паводзіны і садысцкія схільнасці выклікаюць недавер і вусціш гарадзенцаў.
– Не пад ніякай мы абаронай. Яны ўварваліся на маю прыватную тэрыторыю, у мой прыватны дом, з вар’яцкімі вачыма, неадэкватныя. Не патлумачылі, з якой мэтай уварваліся, што гэта іхняя работа, што да нас забеглі нейкія злачынцы, яны нічога нам не патлумачылі. Але яны ўсе былі са звярынымі вачыма. Гэта самыя сапраўдныя зверы. Яны будуць страляць і забіваць людзей. І іх не спыніць нічым. Калі яны ўварваліся, пажылая жанчына кінулася абараняць, яны не спыніліся і працягвалі сваю “работу”.
У час хапуна, некаторыя пратэстоўцы схаваліся ў прыватным сектары, згадкі пра гэта застаюцца ў памяці жыхароў Гародні.
– Было рэальна страшна, проста страшна. Дзяўчына, якая прасідзела ў нас у малінніку, як аказалася, пакуль усё супакоілася. Я яе ўбачыла на прыступках. І кажу: дзяўчына, вы адкуль. А яна кажа: я праляжала ў маліне ў вас. То бок, яе не знайшлі. На самой справе гэта жудасна, гэта ніколі не забудзецца. Я не ведаю, проста за што. Хлопец, які ў нас паспеў схавацца, ён проста забег з маёй сяброўкай.
Гарадзенцы перакананы, што АМАП – гэта рудымент савецкага крывавага эксперыменту, які не павінен існаваць у сучасным цывілізаваным грамадстве, дзе жыццё і здароўе чалавека з’яўляецца прыярытэтам.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя