Гарадзенцы змагаюцца за свае соткі
Гарадзенскія ўлады збіраюцца ўрэзаць маёмасць у жыхароў вуліцаў Вішнявец і Стралковая. Участкі зямлі, якія дасталіся ім ад дзядоў, плануецца скараціць да дзесяці сотак. На месцы 49 участкаў плануецца стварыць 140.
Дарэчы, гэтыя вуліцы да нядаўняга часу былі вёскай. Жыхары былой вёскі Вішнявец патрабуюць захавання іх уласнасці. Да таго ж гарадскія ўлады за апошнія гады нічым не дапамаглі ім, каб адчуць сябе гараджанамі:
– Калі ты жывеш у Гародні, то зямля табе непатрэбная. Але ж калі б мне была яна непатрэбная, я пайшла б у шматпавярховік 25 гадоў таму і жыла б у ім. Я хацела жыць на зямлі, працаваць на ёй, таму і засталася тут. І мы не прыйшлі вёскай у Гародню, а Гародня прыйшла да нас. Тады чаму ў нас хочуць забраць зямлю? Раней немцы прыходзілі і палілі хаты, а цяпер нашы ўлады прыходзяць і забіраюць зямлю, бо яны так вырашылі. А паводле закона, артыкула 36, ад 5 да 15 сотак можам мець. Мы ж не просім даць, мы просім толькі пакінуць нам гэтыя 15 сотак.
Жыхары вуліцаў Вішнявец і Стралковая не падтрымліваюць ініцыятыву ўладаў Гародні. 25-га студзеня жыхары спадзяюцца атрымаць адказ ад чыноўнікаў на свае звароты.
Прыдарожны крыж-абярэг вёскі Вішнявец. Ці абароніць ён жыхароў ад сваволля чыноўнікаў?
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара