“Гарэлка, хлеб, селядзец”
«Буде тобі, враже, так, як відьма скаже» – словы з украінскай песні, якая была напісана яшчэ на трэцім месяцы поўнамаштабнай вайны, знайшлі ўвасабленне ў акупаваным Сімферопалі. Ці былі гэта сапраўдныя ведзьмы, ці проста праўкраінскія жыхаркі Крыма, дакладна невядома. Але факт ёсць факт: у адной з воінскіх часцей Сімферопаля дзве дзяўчыны падышлі да КПП, прадставіліся мясцовымі жыхаркамі і папрасілі ахову прыняць ад іх «падарунак-падзяку для нашых хлопцаў за тое, што тыя іх абараняюць».
У пакеце было сем бутэлек гарэлкі і закуска – каўбаса, рыба, сыр і хлеб. Падарунак быў прыняты, выпіты і з’едзены. Годны жэст падзякі, калі б не адно „але”: у гарэлцы і прадуктах былі выяўленыя велізарныя дозы мыш’яку, а ў адной з бутэлек – стрыхнін. У выніку 24 акупанты загінулі, 11 шпіталізаваны з атручэннем. Пакуль дыверсантак знайсці не ўдалося. Ёсць версія, што дзяўчат выкарыстоўвалі ўцёмную, а яны нават не здагадваліся, які «падарунак» перадаюць расейцам. Ці ж гэта было зроблена свядома, з добрай акторскай ігрой, інакш бы на КПП адразу нешта западозрылі.
Цяпер акупацыйная паліцыя Крыма высвятляе, ці не звязаныя забойцы (чытай – украінскія патрыёткі) з дыверсантамі з Мелітопаля, дзе ў канцы лістапада атруцілі некалькіх афіцэраў ФСБ. Тады акупанты замовілі дастаўку алкаголю і ежы дадому ў адным з рэстаранаў. Неўзабаве пасля вячэры ўсе былі шпіталізаваны, пасля трое памерлі. Экспертыза ўстанавіла, што ў ежы ФСБшнікаў была высокая доза мыш’яку. У рэстаране, адкуль была дастаўка, у выніку вобыску слядоў атруты не знайшлі. Кур’ера, дарэчы, таксама. Мараль такая: прыбірайцеся з чужой зямлі, вам не рады.
З вамі змагаюцца як абаронцы і абаронніцы ў ваеннай форме, так і грамадзянскія – мілыя дзяўчыны і непрыкметныя дастаўшчыкі ежы. «Буде тобі, враже, як Залужний скаже»! Гавораць, сапраўдны ўкраінскі ваенны ведзьмак.
Беларускае Радыё Рацыя