Гарэлка, літаратура, нацыяналісты
«У Вільні сенсацыя: Вялля выкінула жаночую галаву і іншыя часткі цела. Міліцыя занесла яе ў тэлестудыю і паказала, спыніўшы дзеля гэтага праграму. Цераз пяць хвілін было вядома, хто такая і нават падазрэнні адносна асобы забойцы. Назаўтра ў тэлевізары паказвалі забойцу, як яго вадзілі па месцах, дзе ён рабіў злачынства і прэпараваў труп. Яна – загадчыца магазіна, за 45 гадоў. Ён – яе палюбоўнік, на 10 год малодшы, Б. супрацоўнік КДБ. Гутарак аб гэтым яшчэ больш, чым аб футболе…», – пра гэтую брутальную гісторыю, якая здарылася ў Вільні ў 1960-х, я даведаўся з перапіскі віленскіх беларусаў Юркі і Лявона Луцкевічаў з гомельскім антысаветчыкам Уладзімірам Стрыгуцкім. Ліставанне былых вязняў сталінскіх канцлагераў адбывалася цягам 1960-х-1990-х гадоў.
Сяброўства з Гулага
Сяброўства дзяцей прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча Юркі і Лявона з журналістам-пачаткоўцам Уладзімірам Стрыгуцкім пачалося на ўранавых рудніках расейскай Поўначы, дзе яны апынуліся па заканчэнні ІІ Сусветнай вайны пасля хуткага савецкага суда і высылкі з Беларусі. Праз усё жыццё «калымскія аднапалчане» пранеслі пачуццё дружбы, дзяліліся ў перапісцы сваімі побытавымі праблемамі, абмяркоўвалі ізраільскія перамогі над арабамі і кітайскую пагрозу, распавядалі пра поспехі ў выхаванні дзяцей і пра дэфіцыт у савецкіх крамах, планавалі супольны адпачынак.
Уладзімір Стрыгуцкі і Юрка Луцкевіч на спецпасяленні ў Магаданскай вобласці
«Лёгкі на пад’ём» Уладзімір Стрыгуцкі
Уладзімір Стрыгуцкі ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х адыграў заўважную ролю ў дзейнасці гомельскіх нефармальных аб’яднанняў «Талакі» і «Таварыства Беларускай Мовы», быў актывістам Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» ад пачатку яго ўтварэння.
«У 1942 годзе Валодзю вывезлі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Потым ён трапіў у Францыю, дзе працаваў аўтамабільным механікам, рамантаваў машыны ў нейкага гаспадара. Але не застаўся за мяжой. Яго цягнула ў Беларусь, хоць ён і ведаў, што яго чакае. Як толькі ён вярнуўся на радзіму, яго адразу «закалашмацілі ў тую калясніцу». Судзілі яго па 58 артыкуле ды накіравалі на Поўнач», – згадвае ўдава палітвязня Яніна Стрыгуцкая.
Паводле некаторых звестак, Уладзімір Стрыгуцкі напярэдадні нападу нямецкіх войскаў на СССР у 1941 годзе быў студэнтам адной са сталічных навучальных установаў. Падчас акупацыі публікаваўся ў выданнях, якая выходзілі ў той час на падкантрольнай немцам тэрыторыі. Па вайне гэты факт, відаць, стаў адным з пунктам абвінавачання, у выніку чаго журналіста-пачаткоўца пакаралі 10-ццю гадамі катаржных работ ва ўмовах расейскай Поўначы.
Першы кіраўнік Гомельскага абласнога аддзялення БНФ Алесь Яўсеянка згадвае, што Уладзімір Стрыгуцкі, у адрозненне ад двух іншых вядомых у горадзе антысаветчыкаў Цімоха Вострыкава (прадстаўнік БНР, адсядзеў 23 гады ў Мардоўскіх лагерах) і Рыгора Клімовіча (адзін з кіраўнікоў паўстання вязняў у Нарыльскім канцлагеры ў 1953 годзе), быў вельмі лёгкі на пад’ём і камунікабельны, заўжды прыходзіў на святочныя мерапрыемствы ў беларускамоўную школку ў раёне Сельмаш. «Стасункі з прадстаўнікамі старэйшага пакалення беларускіх дзеячаў давалі нам адчуванне грунту, на якім мы расцем. Мы – не першыя саджанцы, як грэбліва пра нас пісалі камсамольцы ў афіцыйнай прэсе. Мы не на пустым месцы пачалі нешта там прыдумляць. Перад намі быў прыклад людзей, якія ў рэальна небяспечных умовах для жыцця рабілі беларускую справу. Гэта было для нас фактарам натхняльным», – прыгадвае Алесь Яўсеянка.
На ўранавых рудніках Уладзімір Стрыгуцкі правёў каля 10 гадоў, дзе зарабіў цяжкое захворванне, ад якога мучыўся ўсё жыццё. «Уладзімір Язэпавіч хварэў на сілікоз лёгкіх, які ён зарабіў ад цяжкай катаржнай працы. На рудніках яны здабывалі сыравіну, працавалі, стаялі на канвееры, уручную перабіралі руду ўранавую без рэспіратараў. У прынцыпе, людзей адпраўлялі на смерць», – гаворыць Алесь Яўсеянка.
Па завяршэнні тэрміна зняволення Стрыгуцкі вяртацца ў Беларусь не спяшаўся. Для былых вязняў адкрылася перспектыва зарабіць грошы на залатых прыісках, каб забяспечыць сабе годнае жыццё на волі. З гэтага перыяду ў сямейным архіве Стрыгуцкіх захоўваецца шмат фотаздымкаў, на якіх зафіксаваныя моманты застолляў былых арыштантаў, маляўнічыя краявіды суворай расейскай Поўначы, партрэтныя фотаздымкі дзеячаў антысавецкага супраціву.
Уладзімір Стрыгуцкі (злева) з Лявонам Луцкевічам (сын прэм’ера БНР Антона Луцкевіча) на спецпасяленні
Дзякуючы гэтым выявам, зробленым на фотаапарат харкаўскага заводу ФЭД мы можам уявіць, як жылі былыя палітзняволеныя. Нягледзячы на час поўны нягодаў, Яніна Стрыгуцкая прыгадвае жыццё ў пасёлку Матросава з настальгіяй: «У канцы 1950-х – пачатку 1960-х гадоў яны з братамі Луцкевічамі арганізавалі самадзейнасць пры клубе. Руднік той знаходзіцца ў 400 км ад Магадана. Там была пабудаваная фабрыка па ўзбагачэнні руды. Мову ён любіў з пялюшак, але менавіта Луцкевічы расставілі на палічцы ўсё як мае быць: герб «Пагоня», гісторыя і гэтак далей. Самая вялікая радасць была ў іх тады, калі Сталін адкінуў свае вусы. І ўсё жыццё яны з сябрамі лічылі гэтую падзею адну з найбольш важных».
Сяброўскія застоллі палітвязняў
«У 1959 годзе Валодзя прыехаў да сястры ў Барысаў, у бацькоўскі дом. А я ў той час працавала ў гандлі. Сустрэліся выпадкова. Не магу сказаць, што ён мяне ўразіў знешнім выглядам, прыгажуном дакладна не быў. Але ўразіў тым, што ў яго ўнутры: кругагляд, беларуская мова і кола знаёмых. Гэта ўсё скарыла, у яго мова была на першым плане ў той час, калі ўсе размаўлялі вакол па-расейску. Я ў той жа год усё кінула, выйшла за яго і паехала ў пасёлак Матросава за мужам на вольнае пасяленне», – распавядае пра знаёмства з мужам спадарыня Яніна.
«Нашая кухарка гаварыла па-польску»
Найбольш інтэнсіўна таварышы па няшчасцю перапісваліся ў перыяд так званай Хрушчоўскай адлігі, калі нават былыя палітычныя вязні не баяліся востра выказвацца, не зважалі на савецкую цэнзуру падчас ліставанняў.
У віншаванні з Новым 1964 годам, які Стрыгуцкія праводзілі яшчэ ў пасёлку Матросава, Юрка асабліва дзякаваў адрасату за фотаздымкі, якія «перанеслі нас у матросаўскую атмасферу».
Ваколіцы рабочага пасёлка імя Матросава ў Магаданскай вобласці, пачатак 1960-х гг.
У гэтым пісьме аўтар засяроджваецца на вырашэнні жыллёвага пытання сям’і Стрыгуцкіх, раіць падчас перамоваў з літоўскімі мясцовымі ўладамі спасылацца на савецкае заканадаўства, паводле якога людзі, што апрацавалі на «золаце», павінныя адразу быць запісаныя ў жыллёвы кааператыў. Але не толькі побытавыя пытанні абмяркоўвалі сябры. У лісце таксама можна пачытаць, як выглядала сітуацыя з мовай у сям’і прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча. «Вельмі добра, што хочаце зрабіць Кастуся (тут і далей цытуецца даслоўна з асаблівасцямі пунктуацыі і арфаграфіі аўтараў) беларусам не толькі па пашпарту, але і па мове. Параю толькі адно, пакуль не прыедзеце дамоў, часцей гаварыць з ім па-беларуску. Не бойцеся, што ў яго мовы пераблытаюцца. Мы з Лёнькам змалку вучыліся на трох мовах: бацька гаварыў з намі выключна па-беларуску, маці больш па-руску, а кухарка па-польску…», – матывуе да навучання сына Стрыгуцкіх роднай мове Юрка Луцкевіч.
У гэтым жа лісце Юрка прызнаецца, што «матрыманіяльныя справы» ў яго ідуць не надта добра. «Мне цяпер, пакульгваючы, неяк неспадручна бегаць за дзяўчатамі, – яшчэ чаго добрага не даганю – уцячэ, ну ды і Барада (мянушка брата Лявона, які на ўсіх фотаздымках фігуруе з акуратнай бародкай эспаньёлкай – заўвага аўтара) не праяўляе асаблівай актыўнасці. Усё чакаем, пакуль Вы прыедзеце ды пасватаеце нам што-небудзь адпаведнае».
У жніўні 1964 года браты Луцкевічы даслалі пісьмо Стрыгуцкім з адпачынку з балтыйскага курорта Юрмала, куды яны выправіліся ў аўтамабільнае падарожжа на «Бобіку» (верагодна, гаворка ідзе пра савецкі «джып» УАЗ-469 – заўвага аўтара). Свае ўмовы побыту яны дэталёва апісваюць, таму можна скласці ўражанне пра тое, што шляхціцы Луцкевічы і ў СССР ставіліся з вялікай увагай да пытання камфортнага пражывання. «Жывём у палатцы, але пры поўным камфорце: на гэты раз мы апрача палаткі, століка і 4 крэслаў заладавалі на багажнік «Бобіка» яшчэ дзве раскладушкі. Спім, як паны на чыстай пасцелі пад цёплымі коўдрамі…»
Лявон Луцкевіч, Уладзімер Стрыгуцкі і Юрка Луцкевіч
Аднак, атрымаўшы з братам Лявонам адпачынак у жніўні, яны не адразу паехалі на мора, а здзейснілі вандроўку па Беларусі (Маладзечна, Радашковічы, Вялейка, Менск). У запісах асабліва цікавыя ўражанні віленцаў пра нацыянальнае жыццё ў райцэнтры Маладзечна: «Агледзелі ў Маладзечне краязнаўчы музей, які нам спадабаўся тым, што рыхтуючы экспазіцыю там пастараліся адыйсці ад сталінскіх штампаў і паказаць сапраўды тое-сёе з гісторыі Беларусі і беларускай культуры Там сабралася кучка «заўзятых беларусаў» (ёсць і моладзь, якая нядаўна скончыла інстытуты). Яны захапляюцца Каліноўскім, «Нашай Нівай», зачытваюцца перадавіцамі Антона Луцкевіча, напісанымі паўвека таму назад і вядуць ціхую барацьбу з сталіністамі і вялікадзяржаўнымі шавіністамі, якіх яшчэ ў нас хоць адбаўляй». Чытаючы гэтыя радкі, задумваешся, ці не пасля сустрэчы з братамі Луцкевічамі Маладзечна сапраўды стала кузняй кадраў, якія прадвырашылі развіццё беларускай гістарыяграфіі і нацыянальнага руху на дзесяцігоддзі наперад. Цікава, ці не мог слухаць нашчадкаў аднаго з айцоў-заснавальнікаў беларускай дзяржавы выпускнік педінстытута Мікола Ермаловіч, які потым напіша бестселер пра беларускі характар Вялікага Княства Літоўскага? Можа быць, наяўнасць цвёрдай беларускай супольнасці прывяла да таго, што ў пачатку 1990-х, пасля здабыцця незалежнасці, менавіта ў Маладзечне дэмакратычна абраны мэр Генадзь Карпенка змог кардынальным чынам дэсаветызаваць гарадскую тапанімію, на што не адважваюцца адміністрацыі іншых беларускіх гарадоў нават у ХХІ стагоддзі?
Нацыянальнае пытанне ў Вільні ў часы СССР
У беларускім Гомелі маладая сям’я Стрыгуцкіх апынулася выпадкова. Паводле савецкага заканадаўства, у людзей, што адпрацавалі ў цяжкіх умовах на Поўначы больш за 10 гадоў, была ільгота на пазачарговае жыллё. «Мы хацелі трапіць у Вільню, дзе атабарыліся нашыя сябры Луцкевічы і яшчэ некалькі іншых былых вязняў, але нам адмаўлялі па розных прычынах. На сталіцу БССР Менск ільготы таксама не распаўсюджваліся. Таму мы прыехалі ў Гомель, тыдзень жылі ў гасцініцы на Сялянскай, а праз год, у 1967-м, збудавалі кватэру ў новым мікрараёне. Муж пайшоў працаваць на завод «Пускавых рухавікоў», потым на «Цэнтраліце». Але ўвесь час кадэбісты за ім прыглядалі», – распавядае Яніна Стрыгуцкая.
У пісьме, датаваным 14 лютага 1966 года, Юрка Луцкевіч піша пра прыкрую вестку ад свайго сябра Валодзі, якому літоўскія ўлады не далі прапіску ў Вільні і адмовіліся ўключыць яго ў склад жыллёвага кааператыву. У сваёй рэакцыі на гэта Юрка закранае пытанне «літуанізацыі» Вільні ў паваенны час. З допісу вынікае, што нават літоўскія камуністы прытрымліваліся нацыянальных інтарэсаў, калі мелі магчымасць уплываць на нацыянальны склад жыхароў сталіцы Літоўскай СССР. «Ведаючы, што «ліцьвякі» неахвотна прымаюць «старонніх», хацелі выкарыстаць «знаёмства і садзейнічанне». Не выйшла… Цяпер, па-мойму, трэба трубіць ва ўсе трубы і званіць ва ўсе званы, уключаючы Вярхоўны Савет, Савет Міністраў, «Известия» і г. д. Што вось у слаўным і вялікім месце Віленскім упарта ігнаруюць Прыказ Савета Міністраў, што заселі бюракраты ды буржуазныя нацыяналісты…», – піша Юрка Луцкевіч.
Пра трох беларускіх нацыяналістаў
Тэма, якую немагчыма абмінуць, гаворачы пра беларускіх дзеячаў першай паловы ХХ стагоддзя, – гэта абвінавачанні ў вайсковых злачынствах і сувязях з нямецкімі карнымі органамі. Дзяржаўная прапаганда дагэтуль выкарыстоўвае факт калабарацыі некаторых прадстаўнікоў нацыяналістычнага руху з акупантамі, каб замацаваць і за сучаснай палітычнай апазіцыяй вобраз ворага і імідж ідэйных пераемнікаў «фашыстаў».
2 сакавіка 1966 года Юрка прапаноўвае Валодзю варыянты з вырашэннем набалелага жыллёвага пытання, піша пра магчымасці пераезду сям’і Стрыгуцкіх у Вільню. Але галоўны пасыл ліста – у іншым, у абмеркаванні публікацыі «Магаданскай праўды», у якой адзін з былых вязняў абвінавачвае ўвесь беларускі нацыянальны рух у супрацы з нацыстамі. «Бакача гэтага я знаю, пазнаёміўся з ім у 52-53 годзе на Д-2 (Мяунджа). Ён працаваў на агульных работах, прыдуркам ісці не хацеў (прыдуркі – асобы, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй лагера – заўвага аўтара). Нічога дрэннага аб ім сказаць не магу, ды, праўда, і быў ён там не больш за паўгода. А пісаніна яго робіць, агульна кажучы, непрыемнае ўражанне… Успамінае пра Грамаду, пра камуністаў Тарашкевіча і іншых, якіх усіх Сталін расстраляў, але аб гэтым факце маўчок. І аб тым, што каб з польскай турмы ўцёк не ў буржуазную Чэхію, а ў «рай», дык і яго спаткаў бы той самы лёс. Праўду піша, што Ермачэнка і Астроўскі – дзяльцы, але чаму іх ён называе нацыяналістамі? Бо напрыклад Грыб быў эсэр, былі ў нашым грамадстве хрысціянскія дэмакраты, былі сацыял-дэмакраты, але нацыяналістаў я знаў толькі трох: Акінчыца (стопрацэнтная сволач), Казлоўскага, якога забілі партызаны і Гадлеўскага, якога забілі немцы. А ён, чалавек, які і не быў ні мінуты на тэрыторыі акупаванай Беларусі пасмеў напісаць гэткую несусветную хлусню, што ўсюды (падкрэслена тлустым – заўвага аўт) сярод катаў, якія вешалі, палілі, закапвалі жывымі ў равы сваіх суродзічаў – былі нацыяналісты… Гэта пахне паршывенькім даносам».
«Літкрытык» Луцкевіч
Ёсць у лістах Юркі Луцкевіча і літаратуразнаўчыя нататкі, чытаючы якія, разумееш, што беларуская літкрытыка страціла ў асобе рэпрэсаванага чалавека яркага публіцыста: «Прачытаў Танка «Лісткі з календара». Мура! Меў чалавек аказію зрабіцца другім беларускім Эренбургам, зрабіць сапраўдны разлік з прошлым, успомніць пра людзей, якія яго самаго намагаліся вывесці ў людзі, нічога ў яго не атрымалася, бо «рожденный ползать – летать не может». Прамямліў абы што, дзіўлюся толькі навошта Твардоўскі даў месца ў «Новым міры» на пераклад гэтай пісаніны. Затое ж у гэтым самым часопісе спадабаўся мне Расул Гамзатаў. Ён гэтак спрытна пад маскай розных каўказскіх прыказак ды звычайных сцэнак высмейвае нашы «агульнасаюзныя» балячкі, што проста прыемна чытаць. Прыязджала паэтэса Ларыса Геніюш, што сядзела з Косцем і Лёдзей у Інце і сватала Лёдзю. Смешная цётка. Рыхтуе да друку зборнік вершаў. Дабілася нават, каб не перайначвалі яе верша. Наагул думаю, што нашым дзяльцам ад літаратуры яе вершы «да лямпачкі», але ж вельмі хочуць пакрасавацца перад эмігрантамі: «Вось бачыце, якая ў нас свабода, нават вершы гэтай хадэчкі выдаем!»
У 1967 годзе сям’я Стрыгуцкіх канчаткова страціла надзею на тое, што ім дазволяць жыць у Вільні. Яны пераехалі ў новую кватэру ў хрушчоўцы ў ваколіцах гомельскага праспекта Кастрычніка, куды да іх зачасцілі госці, у тым ліку Луцкевічы. Гомельцам будзе цікава пачытаць уражанні дзяцей Антона Луцкевіча пра горад над Сожам: «У Гомелі нам наагул спадабалася. Вядома, нам у Вільні больш прытульна, Гомель – гэта ўжо Палессе, няма марэнавых узгоркаў, да якіх прывыкла вока. Затое Сож – выдатная рэчка. Ваш мікрараён цераз некалькі гадоў будзе і прыгажэйшы, і больш прыдатны да жыцця. Цяпер яшчэ многа пылу, крамы, школа і садок далёка. Але ўсё гэта будуецца ўжо цяпер, а тэмпы будаўніцтва там нягоршыя…»
Напярэдадні 50-гадавіны Вялікага кастрычніка на гомельскі адрас Стрыгуцкіх прыйшоў ліст, у якім Луцкевічы па-ранейшаму, без аглядак на «таварыша маёра», пішуць свае ўражанні ад рэчаіснасці, аднак ужо адчувальны павеў новай эпохі, у якой няма месца для крытыкі культу асобы Сталіна і нават той ілюзорнай свабоды для творчасці пісьменнікаў, якая лунала ў паветры ў першую палову 1960-х гадоў. «Вось Лёнька Брэжнеў у сённяшняй чатырохгадзіннай прамове нават і злёгку нікога не зжурыў за выключэннем Мао. Затое ў гэтай даўжэннай прамове, у якой, як кажуць, «словам цесна, а думкам прасторна» не знайшлося месца ні для Ёські вусатага, ні нават для Мікіты. А можа іх зусім не было? Можа не было ні 33-га, ні 37-га гадоў?.. А наагул дык я жадаю, каб наступныя 50 гадоў былі ўсё ж менш жудаснымі, чым тыя, што прайшлі..».
У гэтым жа лісце можна прачытаць пасаж, які добра зразумеюць сучасныя беларусы: «Наша рэспубліка ў чэсць 50-годдзя рашыла збудаваць у Вільні выставачны павільён (радам з музеем – былым гарадскім ратушам). На халеру ён здаўся, калі не хапае жылля, дзіцячых садкоў, калі школы працуюць у тры змены. Разлічана будаваць было яго тры гады, а збудавалі за год…»
І для аматараў хваліць гаспадарку СССР за шырокі асартымент тавараў і прадуктаў можна прывесці такія дадзеныя пра багаты савецкі гандаль ад Юркі Луцкевіча напярэдадні 7 лістапада 1967 года:
«Купіў дзве бутэлькі югаслаўскага віняку (3 зорачкі, 0,7, 5 руб 70). Добра, што гэты Броз-Цітаўскі прэзент выкідаюць у гандлёвую сетку, бо ў Вільні армянскія ды грузінскія каньякі прадаюць толькі ў буфетах ЦК і Савета Міністраў. А з барахла ў Вільні некалькі месяцаў нічога не было, перад святам выкінулі лакіраваныя французскія туфлі (45 руб) ды ўсякія шарсцяныя шмоткі. Трэба было бачыць, як душыліся бабы ў чарзе за гэтым барахлом. А цяпер гэтыя лякеркі здаюць назад у магазіны, бо аказалася – дрэнь!»
Перапіску з Луцкевічамі Уладзімір Стрыгуцкі вёў і ў канцы 1980-х–пачатку 1990-х гадоў, калі ў краінах былога СССР набіралі моц нацыянальныя рухі. «Валодзя зусім не сумняваўся, што Беларусь стане незалежнай. Калі ж гэта здарылася, ён некалькі дзён нічога на гэты конт не гаварыў, асэнсоўваў інфармацыю. Але ён са сваімі сябрамі Юркам і Лёнькам былі перакананыя ў будучыні Беларусі», – падсумоўвае Яніна Станіславаўна Стрыгуцкая.
Мікола Бянько, Гомель, Беларускае Радыё Рацыя
Фотаздымкі з сямейнага архіву Стрыгуцкіх