Гародня: 83 кіламетры за дзень па фартах крэпасці
Праграміст і спартовец-аматар Аляксандр Віненка стварыў унікальны маршрут, які праходзіць па фартах Гарадзенскай крэпасці. Ён прабег па ім за адзін дзень.
Пра адметнасць вандроўкі кажа Аляксандр Віненка:
– Маршрут абраны не выпадкова, бо мне заўсёды падабалася вайсковая тэматыка. Фарты, якія нясуць сабой шматгадовую гісторыю войнаў, пасуюць да гэтага найлепей. Тым больш раней мне давялося пабываць на кожным з фартоў паасобку, адчуць энергетыку гэтых масіўных спарудаў, таму было прынята рашэнне прабегчы па ўсіх фартах за адзін раз. Агулам адлегласць у выніку атрымалася каля 83 кіламетраў. Разынка была ў тым, што адзін з фартоў знаходзіўся з другога боку Нёмана, а гэты значыць фарсаваць Нёман уплаў або аббягаць дадаткова 25 кіламетраў было прынята рашэнне аббегчы.
Спартовец-аматар упэўнены, што для таго, каб прабегчы гэты маршрут трэба мець добрую фізічную падрыхтоўку:
– Проста прайсці гэты маршрут, я думаю, звычайнаму непадрыхтаванаму чалавеку будзе складана, прабегчы дык дакладна. На ровары, да прыкладу, гэта ўсё рэальна. Маршрут даволі цікавы, усе фарты знаходзяцца на халмах, а мясцовасць прыгожая. З гэтых пагоркаў адкрываюцца выдатныя віды. Таму ў прынцыпе такі маршрут цалкам можна ўключыць у нейкае турыстычнае мерапрыемства або нават асобна вынесці, як у нас існуюць прыгодніцкія гонкі. Не здзіўлюся калі хутка ён стане афіцыйным маршрутам.
Турыстычныя маршруты па фартах Гарадзенскай крэпасці ахопліваюць толькі невялікую частку абарончай пабудовы ў кірунку Аўгустоўскага канала, а маршрут для спартоўцаў, што займаюцца бегам, быў створаны ўпершыню.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня