Гародня: абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу Аляксея Шоты



Суддзя Гарадзенскага абласнога суда Зміцер Бубенчык не задаволіў апеляцыйную скаргу рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты. Журналіст спрабаваў абскардзіць вялізны штраф у памеры 425 базавых велічыняў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Пра судовае паседжанне распавядае Аляксей Шота:

– Суд быў вельмі кароткі. Суддзя надзіва задаў нават некалькі пытанняў, хаця сэнсу вялікага гэта не мела. Кшталту, хто адказвае за выстаўленне матэрыялаў на сайце, ці ўсе маглі іх чытаць ці не. Але вынік быў зразумелы ад пачатку. Суддзя пакінуў без зменаў рашэнне суда.

Па словах Аляксей Шоты, яны будуць раіцца з юрыстамі, ці абскарджваць далей гэтае судовае рашэнне:

– Будзем думаць ці варта, пакуль адказаць не магу. У любым выпадку пры вялікім жаданні можна дайсці нават да Еўрапейскага суда. Але пытанне – навошта? Бо прынамсі на беларускім узроўні, я перакананы, што калі будзем далей абскарджваць, будзе тое самае. Хіба, каб збіраць паперы і доказы таго, што ўвесь час неабгрунтаваныя і несправядлівыя рашэнні супраць нас прымаюцца.

Аляксей Шота ўпэўнены, што грошы на штраф збяруцца, дзякуючы ахвярадаўцам –чытачам, а таксама пры дапамозе гарадзенцаў, якія замаўляюць рэкламу ў выданні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча