Гародня: адкрылася першае “крывавае” PR-агенства



Цэнтр «ПАРА» і PR-кансультант Міхаіл Ліс адкрылі ў Гародні першае ў Беларусі PR-агенцтва, у якім аплата паслуг будзе ісці не грашыма, а крывёю заказчыкаў. Па словах Міхаіла Ліса, асноўнай мэтай дадзенага агенства – прыцягненне донараў крыві для дапамогі людзям, якім жыццёва неабходна пераліванне крыві.

 

Распавядае Міхаіл Ліс:

– Існуе праблема з донарствам крыві. Многім людзям, асабліва хворым дзецям, трэба рабіць пераліванне крыві. Заўсёды патрэбныя нейкія акцыі, каб стымуляваць людзей, заахвочваць іх здаваць кроў. Гэтае агенства – адзін з такіх прыкладаў. Мы вырашылі стварыць новы варыянт прыцягнення людзей, у першую чаргу бізнесменаў, каб людзі атрымлівалі ідэі піяра, або пэўную піяр-працу, але за гэта плацілі не грашыма, а крывёю.

Стваральнікі праекта адзначаюць, што агенцтва будзе аказваць паслугі не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі ўсяго СНД, а таксама ўсяго свету. Яны заклікаюць таксама і іншыя арганізацыі стварыць магчымасць аплаты крывёй за свае паслугі, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да неабходнасці донарства крыві.

Беларускае Радыё Рацыя