Гародня: “Адметнасць” палітычнай рэкламай не займаецца
Прадстаўнікі гарадзенскай крамы “Адметнасць” атрымалі чарговы ліст з прэтэнзіямі, гэтым разам ад аддзела ідэалогіі і справаў моладзі гарадзенскага гарвыканкама. У лісце да ўладальніка крамы Сяргея Верамеенкі ідэолагі спасылаюцца на нейкі маніторынг, які адбываўся ў краме 21 красавіка.
У гэты час у краме знаходзілася жонка Сяргея – Вольга Верамеенка:
– Дваццаць першага прыходзілі дзве жанчыны, адна з якіх прадставілася. Яна была з аддзела гандлю райвыканкама, яна прынесла той ліст. Другая з ёй была жанчына, я памятаю, але яна нічога не казала, толькі фатаграфавала без майго дазволу нашу краму. Але я была занятая з першай жанчынай, то на гэта не звярнула ўвагі. Як вынікае з ліста, то гэта быў нейкі патаемны маніторынг.
Па словах Вольгі Верамеенкі, у лісце таксама спасылаюцца на тое, што нібыта ў краме ёсць палітычная рэклама і крама нібыта парушае закон аб рэкламе:
– Што патрабуе аддзел ідэалогіі, мне незразумела. Якая рэклама ў нас размяшчаецца, і асабліва палітычная? Што яны маюць на ўвазе пад палітычнай рэкламай прадукцыі, якая рэалізуецца, я не разумею. Рэкламы ў нас ніякай няма, у нас ёсць тавар. Менавіта якога тавара гэта тычыцца, якой гэта майкі, блузкі, кубка, значка, тут не ўказана. Я не разумею, якія тавары, бо мае палітычныя погляды гэтыя тавары не парушаюць, таксама людзей, якія два з паловай гады сюды прыходзяць, іх палітычныя погляды гэтыя тавары не парушаюць. Таму мне б хацелася канкрэцікі.
Цягам апошняга месяца крама нацыянальных колераў “Адметнасць” ужо некалькі разоў правяралася рознымі органамі, мела ціск з боку правааўнікаў, дома ва ўладальнікаў крамы і самой краме адбыўся ператрус, але крама працягвае сваю працу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча