Гародня: акцыя да Дня правоў чалавека
Амаль паўтысячы асобнікаў газеты “Народная Воля” раздалі ў Гародні на Цэнтральным рынку прадстаўнікі праваабарончага цэнтра „Вясна” і Беларускага Хельсінскага камітэту. Акцыя была прысвечана Дню прыняцця ўсеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека.
Пра адметнасць акцыі распавядае прадстаўнік праваабарончага цэнтра „Вясна” Віктар Сазонаў:
– Чалавечыя правы маюць вялікую каштоўнасць. І трэба штосьці зрабіць, каб іх паважалі ўсе. Каб паважалі не толькі людзі, а каб паважалі краіны, каб паважалі ўрады, каб паважалі сілавыя структуры, уладныя структуры. Таму гэтая падзея паказала святло на гэтай планеце, святло ўсяму чалавецтву, што ёсць ідэалы, да якіх можна імкнуцца.
На думку прадстаўніка Беларускага Хельсінскага камітэта Рамана Юргеля, спецвыпуск „Народнай волі”, які яны раздавалі, – гэта невялікі аб’ём інфармацыі па правах чалавека.
– У гэты дзень мы раздаём газеты, праводзім інфармацыйныя кампаніі, прапагандысцкія, адукацыйныя, для таго, каб людзі ведалі свае правы, для таго, каб не парушалася на Беларусі свабода мірных сходаў, свабода асацыяцый, свабода слова, каб людзі мелі права выходзіць і гаварыць усё, што яны думаюць, выбіраць уладу.
Акцыя ў Гародні прайшла без затрыманняў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча