Гародня: акцыя незалежнага кандыдата «ад дзвярэй да дзвярэй»



На гарадзенскіх вуліцах Рэпіна і Соламавай незалежны кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Банцар правёў акцыю знаёмства з жыхарамі гэтых вуліц.

Грамадскі актывіст раздаваў жыхарам гэтых вуліц улёткі са сваёй праграмай, а таксама распытваў гарадзенцаў пра іх праблемы.

Пра акцыю распавядае Ігар Банцар:

Людзі здзіўленнем рэагуюць на тое, што да іх у кватэру прыходзіць кандыдат у дэпутаты, што яны могуць пазнаёміцца з ім, задаць пытанні і атрымаць адказы ад самаго кандыдата. Гэта іх здзіўляе, бо па нашай акрузе ніхто ніколі не хадзіў. Праўладныя кандыдаты ўвогуле не вядуць ніякай агітацыі, бо ім паабяцалі, што іх прызначаць. Яны сядзяць склаўшы рукі ды нічога не робяць. А людзей гэта з аднаго боку вельмі абурае, а з іншага цешыць, што хоць нехта да іх прыходзіць і пытае пра іхняе меркаванне, пра іх праблемы і адказвае на іх пытанні.

Адзін з жыхароў вуліцы Рэпіна вельмі рады, што яму ўпершыню ўдалося ўбачыць свайго кандыдата ў дэпутаты.

Заходзіў сёння кандыдат, прадставіўся як Банцар Ігар Канстанцінавіч. Паколькі я пражываю на гэтым участку я бачыў ягоную улётку ў паштовай скрыні. А вось са здзіўленнем выявіў, што можна на ўласныя вочы ўбачыць кандыдата ў дэпутаты. Гэта для мяне нешта новае, бо раней я такога не бачыў, не сутыкаўся з такім. Толькі чытаў. А што значыць чытаў, вось тут жывы чалавек прыйшоў і я яму задаў якія хацеў пытанні.

Па словах Ігара Банцара жыхароў вуліц Рэпіна і Соламавай ў першую чаргу хвалююць пытанні добраўпарадкавання вуліц, асвятлення смеццевых кантэйнераў, а таксама праблемы са старым возерам ля гімназіі, што не могуць вырашыцца апошнія 10 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя