Гародня: актывіста абвінавачваюць у паклёпе на міліцыянта
Гарадзенскага актывіста Сяргея Байгота абвінавачваюць у паклёпе на міліцыянта. Па гэтай справе да яго ў інтэрнат прыязджалі прадстаўнікі “Губопіка” і потым яго забралі на допыт.
– Яны прадставілі паперу за абразу ўчастковага Талочкі Анджэя Анджэевіча. Нібыта я яго абразіў у Тэлеграме. Яны правялі вобшук у мяне ў пакоях, канфіскавалі ноўтбук, тэлефон. Нічога ў мяне яны не знайшлі. Выклікалі панятых. І я паехаў з імі. Быў допыт.
Сяргей распавядае пра тое, што допыт цягнуўся доўга.
– Вызваліўся недзе ў гадзін 6 вечара. Гэта з 10 раніцы да 6 вечара ўсё адбывалася. Яны дапытвалі недзе 2-3 гадзіны. Я спачатку не пагаджаўся. Але каб выйграць час, мне трэба было час выйграць, тады я пагадзіўся з гэтым. Яны гэта ўсё на паперы запісалі. Знялі відэа. Бо калі відэа не запішуць, то яны не адпусцяць. Далей да следчых паехалі, і следчыя мяне адпусцілі.
Пасля ператрусаў і допытаў актывіст быў вымушаны пакінуць Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Польшчы на каранціне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча