Гародня: АМАП і жыхары горада шпацыравалі па Савецкай



Гарадзенцы падтрымалі новы фармат пратэсту для краіны. У гэтую нядзелю людзі выходзілі нешматлікімі групамі ў мікрараёнах горада. На цэнтральных вуліцах па традыцыі дзяжурылі сілавікі. Аўтазакі і мікрааўтобусы былі на вуліцы Кастрычніцкай, каля помніка Сакалоўскаму, на стаянцы на вуліцы Віленскай, а таксама на праспекце Кляцкова.

Праваабаронцы паведамляюць пра адзінкавыя затрыманні.

* * * 

У Гародні па Савецкай вуліцы шпацыруе АМАП у парах і тройках, заўважана і кіраўніцтва міліцыі: намеснік начальніка УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Віталь Стасюкевіч і начальнік гарадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч.Гарадзенцы працягваюць гуляць у цэнтры горада, паведамляе radiosvaboda.

У некаторых бела-чырвоныя парасоны, у тым ліку ў пажылых людзей. Хтосьці выгукнуў: «Жыве Беларусь!»

У цэнтры горада стаяць аўтазак і аўтобус. Ездзяць ваенныя машыны. 

Людзі стаяць у ланцугах салідарнасці ў розных раёнах горада.