Гародня: арганізатары рыхтуюць вялікі фэст на Дзень Волі
Прадстаўнікі гарадзенскіх грамадскіх арганізацый і грамадскія актывісты падалі заяўку на правядзенне 21 сакавіка ў Каложскім парку вялікага фэсту да Дня Волі.
Кажа кіраўнік гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– Падалі заяўку на правядзенне 21-га сакавіка ў Гародні вялікага фестывалю, прысвечанага Дню Волі. Ён пройдзе ў незвычайным фармаце. Гэта будзе вялікая пляцоўка з вялікай колькасцю актыўнасцяў, аб’яднаных агульнай мэтай, з рознымі цікавосткамі, заданнямі і задачамі. І падарункамі для ўсіх удзельнікаў.
На думку адной з заяўніц святкавання Дня Волі Вольгі Верамеенкі, – гэтае свята сяброў і ўсіх беларусаў:
– Дзень Волі – гэта самае вялікае свята апошнія пяць гадоў для мяне. Гэта свята не толькі маё, маёй сям’і. Я лічу, што гэта свята ўсіх беларусаў. То бок, гэта свята, якое тычыцца ўсіх беларусаў, якія хочуць бачыць Беларусь вольнай, моцнай, незалежнай у будучыні і зараз. І таксама гэта магчымасць сустрэцца з аднадумцамі, сябрамі і паглядзець, колькі нас. Магчымасць адзін з адным паразмаўляць і парадавацца. І мець хоць надзею, што ў будучыні гэтае свята будзе больш шырокім, і кожны беларус будзе ведаць, што гэта ягонае свята.
Адначасова з падачай заяўкі праз старонку molamola.by арганізаваны збор сродкаў на правядзенне гэтага вялікага святочнага мерапрыемства. У бліжэйшыя дні таксама будзе арганізаваны збор сродкаў на фэйсбуку, а таксама ў гарадзенскіх крамах “Адметнасць” і “Цудоўня”, а таксама ў Цэнтры гарадскога жыцця Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня