Гародня: асуджаным за „кармленне галубоў” перадалі перадачы
Падтрымаць гарадзенцаў, якім прысуджаныя адміністрацыйныя арышты за ўдзел у акцыі „кармлення галубоў”, які прайшоў 6-га траўня ў парку Жылібера, прыйшлі сваякі, праваабаронцы, грамадскія актывісты. У Кастрычніцкім ізалятары часовага ўтрымання пяцёра вязняў атрымалі перадачы.
Кажа Сяргей Верамеенка:
– Гэта былі першыя перадачы, якія мы змаглі прынесці нашым затрыманым актывістам. Штосьці тут змянілася, і прымаюць перадачы толькі ў будзённыя дні. Спадзяюся, што хлопцы і дзяўчына наша Алена Сахарчук усё гэта годна вытрымаюць. Салідарнасць – гэта вельмі важна. Гэта можа ёсць самае галоўнае і самае моцнае, што мы зараз у Беларусі маем.
Таксама да Кастрычніцкага аддзялення ўнутраных спраў пад’ехаў Мікола Салянік, якога пільнавала міліцыя пад хатай два дні.
Ён быў таксама ўдзелькам сустрэчы з блогерам Ціханоўскім у парку Жылібера. Ён хоча дазнацца пра праўны бок дзеянняў міліцыі.
– У першую чаргу, падтрымаць. Ведаю, што актыў Гародні збіраецца, каб перадаць перадачы нашым актывістам, якія сядзяць у ІЧУ, падтрымаць іх родных, выказаць салідарнасць. І па-другое, удакладніць у супрацоўнікаў РАУС, з якой мэтай яны мяне блакавалі цягам двух содняў у кватэры. Што я такога здзейсніў?
Мікола Салянік пакуль з будынку міліцыі не выходзіў.
У ІЧУ Кастрычніцкага раёна Гародні за акцыю „кармлення галубоў” праводзяць за кратамі вядомы грамадскі актывіст Аляксандр Лаўрэнцьеў – 9 содняў, Васіль Калач – 5 содняў арышту, Яўген Разнічэнка — 6 содняў, Юрый Шока — 7 содняў арышту і Алена Сахарчук — асуджана на 6 содняў арышту.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня