Гародня: cуд пакараў Сяргея Калмыкова вялізным штрафам
Сяргей Калмыкоў – гарадзенец, якога затрымалі ў Гародні 29 траўня разам з Сяргеем Ціханоўскім, быў засуджаны па адміністрацыйнай справе ў судзе Ленінскага раёну Гародні на 30 базавых велічыняў – 810 рублёў. Суддзя Ларыса Барэль “дала” такі вялікі штраф хлопцу за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні 29 траўня.
Кажа Сяргей Калмыкоў:
– Я катэгарычна не згодны з выракам, а таксама з тым, што мне прысудзілі штраф 810 рублёў. Лічу, што гэта няправільна, тым больш, што ў мяне былі доказы маёй невінаватасці. Магчыма, я яго абскарджу. Але я не прыняў канчатковага рашэння.
Справу Сяргея Калмыкова каментуе праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
– Суддзя Ларыса Барэль імкнулася захаваць свой твар, абодва пратаколы былі фактычна “высмактаны з пальца”. Ніякіх юрыдычных падставаў складаць гэтыя пратаколы і судзіць Калмыкова па іх не было. Тым не менш, вынік такі, што паводле пратаколу 23.4 артыкулу суддзя прысудзіла Калмыкову 30 базавых штрафу. Гэта дастаткова вялікі штраф. А пратакол 17.1 прызнала складзеным як незаконны. І па сутнасці вытворчасць па гэтым пратаколе была спынена. Канешне, справа мае фактычна палітычны характар. Калмыкоў дастаткова пісьменна абараняўся на гэтым працэсе.
Падтрымаць хлопца прыйшлі гарадзенскія актывісты, праваабаронцы і журналісты. А таксама ўжо стала традыцыяй на гарадзенскіх судах, што палову залы судовага паседжання займалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча