Гародня: да маці актывіста Куваннікава прыходзілі міліцыянты



Да Алены Куваннікавай, маці вядомага гарадзенскага актывіста Аляксандра Куваннікава, які больш за паўгода знаходзіцца за межамі Беларусі, чарговы раз прыходзілі міліцыянты.

– Прыехалі на міліцэйскай машыне, пазванілі ў дзверы. Я выйшла. Яны назвалі сябе. Прозвішчы я не запомніла. На грудзях былі біркі “патрульна-паставая служба”. Яны былі ўдвух. Паказалі ліст, на ім пасярэдзіне фотаздымак Сашы і Жаны, як быццам “іх вышуквае міліцыя”. На надпісы я ад хвалявання не звярнула ўвагі.

Па словах жанчыны, яна не паведаміла праваахоўнікам, дзе знаходзіцца яе сын:

– Вашыя? – пытаюцца. Так, мае дзеці: сын і нявестка. Спыталіся, дзе яны. І што іх шукаюць з нагоды масавых беспарадкаў. Я ім сказала: вы іх злавілі, адбыўся суд, ім прызначылі штраф, усе штрафы яны аплацілі і з’ехалі. Калі з’ехалі? Я сказала, што 19 снежня, і я гэта вашым папярэднім наведвальнікам казала. А куды з’ехалі? Я вам не скажу.

Сын Алены Куваннікавай з’ехаў за мяжу яшчэ ў снежні 2020 году пасля таго, як ён быў адзіным страйкоўцам на гарадзенскай тытунёвай фабрыцы і яго за гэта фактычна “выкінулі” з працы.

Беларускае Радыё Рацыя